Год роднай зямлі, які абвешчаны сёлета ў нашай краіне, мае на ўвазе не толькі публічную дэкларацыю патрыятычных пачуццяў, але і навядзенне на ёй, карміцельцы, належнага парадку. Датычыць гэта як угоддзяў, так і вытворчых аб’ектаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Скажам прама, што да ўзорнага бляску і дагледжанасці нам яшчэ многае патрэбна зрабіць. А калі дакладней, то на палях і фермах раёна, што і паказала выязная частка пасяджэння раённага выканаўчага камітэта ў мінулую суботу.
Першым аб’ектам, дзе пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства, стаў мехдвор ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Тут былі правераны гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў да жніва, санітарны стан і пажарная бяспека машынна-трактарнага парка, бытавых памяшканняў, стан пункта тэхнічнага абслугоўвання і пляцоўкі для захоўвання металалому. Што датычыць санітарыі і парадку, то крытычных заўваг на гэты конт было выказана нямала, і ўсе яны, як кажуць, па справе. Непакошаная трава, у якой быццам астраўкі безгаспадарчасці чарнеюць адслужыўшыя свой век механізмы, нядобраўпарадкаваныя бытавыя памяшканні, адсутнасць душавых і сіратлівы адзінокі стэнд з пажаўцелымі плакатамі мінулага стагоддзя на тэму бяспекі працы – наўрад ці ўсё гэта натхняе на высокапрадукцыйную працу.
Асобна варта сказаць пра пункты тэхнічнага абслугоўвання (ПТА) тэхнікі. Зараз ставіцца задача стварэння іх на ўсіх мехдварах раёна. І не дзеля галачкі, як у “Аграсервісе”, а ў якасці паўнапраўнай і важнай сервіснай адзінкі. Зараз на ўзбраенні гаспадарак высокаэфектыўная і самая сучасная тэхніка, якая патрабуе клапатлівых і беражлівых адносін. А ў нас іншым разам можна ўбачыць, як дарагія энерганасычаныя трактары рамантуюцца пад дажджом.
У гэтым сэнсе работнікам “Аграсервіса” можна павучыцца ў КСУП “Судкова”. І няхай ПТА тут пакуль што не можа пахваліцца высокатэхналагічным сучасным абсталяваннем, аднак ёсць усё неабходнае для тэхнічнай дыягностыкі, абслугоўвання і рамонту тэхнікі. У цэлым гатовы да жніва і камбайны, прынамсі, да ўборкі рапсу, якая ўжо не за гарамі.
Круглы год функцыяніруе на судкоўскім мехдвары душавая, кацёл якой працуе на мясцовым паліве, вырашаюцца іншыя бытавыя пытанні.
Удзельнікі мерапрыемства пабывалі і на пашы, якая восенню, пасля ўнясення гліфасфатаў і выканання іншых агратэхнічных аперацый, набудзе статус многакампанентнай. Пры гэтым старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан яшчэ раз нагадаў аб тым, каб такія ж высокапрадукцыйныя пашы паўсюдна ствараліся ў кожнай гаспадарцы. Гэта, як падкрэсліў кіраўнік раёна, адзін з самых надзейных і эфектыўных рэзерваў вытворчасці малака.
Не засталося незакранутым і пытанне нарыхтоўкі кармоў. Удзельнікі пасяджэння выканкома пабывалі на месцы закладкі сенажу ў агракамбінаце “Віць”. Пры цяперашнім надвор’і і сянаж, і сілас набываюць асаблівую значнасць, таму важна забяспечыць захаванасць усіх патрабаванняў тэхналогіі. Але як быць з тым, што адзін з дыпламаваных велікаборскіх аграномаў заявіў, што аптымальны тэрмін закладкі траншэі … 25-30 дзён пры трох днях па тэхналогіі?
На пленарным пасяджэнні ў райвыканкоме разгледжана і пытанне падрыхтоўкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2009-2010 гг. У прынятым рашэнні адзначана недастатковая работа ў гэтым напрамку ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” і КСУП “Агракамбінат “Віць”.
Тэкст і фота Віктара НАЗАРАНКІ.