Не забывайце, адкуль вы родам!

Общество

У дзевяты раз жыхары Амелькаўшчыны, іх дзеці і ўнукі сабраліся на месцы, дзе раней стаяла вёска. Сабраліся, каб узгадаць былое, падзяліцца навінамі, ушанаваць памяць тых, каго з намі больш няма…

Нягледзячы на тое, што аб былых селішчах нагадвае хіба только падмурак некалькіх дамоў ды рэшткі былога сельскагаспадарчага збудавання, гэты дзень звязаны ў памяці людзей не толькі з сумам. Усё ж такі Тройца – гэта прастольнае свята Амелькаўшчыны, якое раней спраўлялі з песнямі ды танцамі, пірагамі і караваямі, вянкамі з бярозы і кветак, гасцямі, лепшымі сукенкамі. Зараз стараюцца не забываць аб гэтым добрым, што было, і, наведаўшы могілкі блізкіх, адзначаюць свята.

Абавязкова ладзяць службу каля каплічкі, айцец Віталій з Ямпальскай царквы Рэчыцкага раёна стаў за гэтыя гады блізкім чалавекам для жыхароў Амелькаўшчыны. Дарэчы, асвяціў некалі гэтую каплічку былы хойніцкі святар айцец Уладзімір.

Каплічка, каб свечку паставіць і памаліцца за продкаў, сцэна для артыстаў, якіх раз-пораз запрашаюць на вялікае свята, альтанка, каб было дзе сабрацца і пагутарыць – ініцыятарам гэтага ў 2011 годзе стаў Алег Прыматор, які даўно ўжо жыве ў Расіі, аднак кожны год наведвае родную вёску, магілы родных і блізкіх.

На маё пытанне, што падштурхнула да стварэння такіх умоў для сустрэч землякоў, Алег падзяліўся: «Пасля смерці майго бацькі вырашыў паставіць тут маленькую каплічку. З гэтага ўсё пачалося. Асвяцілі. Вырашылі, што патрэбна збірацца, што нельга забываць месца, адкуль мы родам. Ведаеце, хацеў, каб не толькі ў мяне была магчымасць прыехать да сваіх родных, каб было дзе паставіць свечку. Радуе, што столькі землякоў маіх збіраюцца на Радуніцу і на Тройцу ў родных мясцінах, успамінаюць. Для мяне гэтыя сустрэчы – памяць аб вёсцы, радасць, што не забываюць Амелькаўшчыну. Гэта рабіў не для слоў падзякі, а для душы, для людзей, тых, з кім раслі, хто нас вучыў, каго больш побач няма».

Ініцыятыву падхапілі і іншыя, прыязджаюць, дапамагаюць, становяцца ініцыятарамі новых падзей. У 2017 годзе Уладзімір Паўлянок аплаціў выраб трохметровага Паклоннага крыжа. Яго ўстанавілі і таксама асвяцілі.
У гэтым годзе маштаб свята павялічыўся: запрасілі артыстаў з Рэчыцы, якія прыехалі не толькі з душэўнымі і ўсім вядомымі песнямі, але і з падарункамі.

Надзея Царанак, адна з актывістаў правядзення штогадовых сустрэч у Амелькаўшчыне, таксама не абыйшлася без падарункаў: яна надрукавала кнігу сваіх вершаў і ўспамінаў і дарыла іх удзельнікамі мерыпрыемства. Ганаруся, што экземпляр з асабістым подпісам аўтара ёсць цяпер і ў мяне. Вялікі дзякуй!
Прачытала свае душэўныя вершы яшчэ адна мясцовая паэтка – Марыя Філончык.

Развітваючыся, усе абяцалі, што сустрэнуцца ў наступным годзе, што абавязкова будуць захоўваць памяць аб роднай вёсцы, што буду перадаваць свае веды нашчадкам. Хай жа так і будзе!

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *