Было вельмі цудоўна: у Мінску прайшло закрыццё II Еўрапейскіх гульняў

Спорт

Захапленне, гонар, радасць, прадчуванне, здзіўленне, замілаванне, эйфарыя… – колькі выдатных эмоцый падарылі нам II Еўрапейскія гульні.

І ўпершыню за гэтыя дзесяць дзён гарачых па напале спаборніцтваў стала сумна толькі ў мінулую нядзелю, на цырымоніі закрыцця. Асабліва падчас кранальнага развітання з талісманам гульняў Лесікам і калі згас агонь… Гэта былі сапраўды душэўныя моманты.

На трыбунах нацыянальнага стадыёна сабралося больш за дваццаць тысяч гледачоў (а яшчэ мільёны каля экранаў тэлевізараў). Адбылося не проста яркае шоў (хаця варта адзначыць, што яно было надзвычай яркім!), а атрымалася маштабнае свята сяброўства, напоўненае нацыянальным каларытам. Атмасфера на «Дынама» была цудоўнай, панавала поўнае яднанне гледачоў, спартсменаў, валанцёраў, артыстаў… Усе спявалі і танцавалі, запускалі «хвалі» рукамі і апладзіравалі. Пачуццё патрыятызму і гонар за нашу краіну перапаўнялі. Асабліва ўлічваючы тое, што беларускія спартсмены заваявалі другое месца ў медальным заліку!

Маляўнічыя феерверкі, парад сцягоў спартсменаў, выступленне вядомых артыстаў – эмоцыі немагчыма перадаць словамі, гэта трэба было бачыць! Са мной салідарныя (зыходзячы з пачутых уражанняў) і ўсе хайнічане, якім пашчасціла стаць сведкамі гэтай незабыўнай падзеі.

Цырымонія закрыцця – гэта самы яскравы фінал, клічнік у канцы сказа II Еўрапейскія гульні. Дзякуй за неверагодную дэкаду з Беларуссю ў сэрцы!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *