Нам песня стварае настрой

Культура

На гэтым тыдні калектыў Палесскага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка адсвяткаваў чарговы дзень нараджэння арганізацыі.

Аб выніках, рабоце, навуковай дзейнасці мы пісалі неаднаразова. Таму больш дэтальна вырашылі пазнаёміць чытачоў з калектывам мастацкай самадзейнасці запаведніка, без якога немагчыма ўявіць ні саму арганізацыю, ні, як бы пафасна гэта ні гучала, нават наш раён. І прычына таму – россып дыпломаў, узнагарод і той добры настрой, які заўсёды дораць удзельнікі калектыву сваім гледачам.

Знаёмцеся: Андрэй Лобан (цяпер кіруе калектывам), Юрый Гушчанка, Генадзій Прышчэп, Алег Казыра, Міхаіл Краўчанка (раней кіраваў калектывам) і прыгажуні Наталля Шарапава і Марына Краўчанка.

Як расказала Марына Краўчанка, выразнага размеркавання абавязкаў у творчым калектыве няма, у залежнасці ад абставін кожны займаецца і вырашае тыя пытанні, якія патрабуе час. «Песні для рэпертуару можа прапанаваць любы ўдзельнік. У асноўным спяваем папулярныя эстрадныя кампазіцыі, – працягвае Марына. – З аўтарскіх – песні мае, мамы (ад рэд.: Ліліі Краўчанка) і Міхаіла Краўчанка. Так бы мовіць, сямейны падрад. У мінулым годзе на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 30-годдзю ўтварэння запаведніка, гучалі толькі аўтарскія песні».

Андрэй Лобан адзначае: «Годам утварэння калектыву лічым 2005. Да гэтага былі асобныя сольныя і групавыя выступы. Што адметна, склад з гадамі не змяніўся. Кароткачасова ўдзельнікамі ансамбля былі Леанід Шут і Пётр Навуменка. Мы, так сказаць, за гэтыя гады спеліся, адчуваем настрой адзін аднаго. І гэта добра дапамагае пад час выступлення».

«Адразу рэпетыцыі праходзілі некалькі разоў на тыдзень, а зараз – пры неабходнасці падрыхтоўкі да канкрэтнага выступлення. Ёсць упадабаны гледачамі рэпертуар, які сустракаюць бурнымі апладысментамі. І, канешне, хойніцкія гледачы самыя ўдзячныя», – расказвае Генадзій Прышчэп.

Думаю, для любога творчага чалавека галоўнае і самае прыемнае – гэта тое, што ёсць вынік шматгадовай працы. «Дабіліся не толькі чыстага выканання, але і шматгалосся, – падкрэслівае Юрый Гушчанка. – Спачатку, канешне, маглі праскочыць фальшывыя ноты, як без гэтага. Але пасталелі, навучыліся. Для людзей без музычнай адукацыі, асноўная праца якіх з музыкай ніяк не звязаная, гэта значны вынік. І тым прыемней, калі нашыя намаганні ацэньваюцца».

У канцэртах з ансамблем прымалі ўдзел Людміла Комар, Таццяна Астудзіна, Ніна Міхаленка, Валянціна Дземская. З канцэртамі творчы калектыў выступаў у многіх вёсках нашага і Брагінскага раёна, НРПЦ у Гомелі.

«Так як у раёне даўно не праводзіліся агляды самадзейнасці, – працягвае экскурс у работу калектыву Наталля Шарапава, – галоўнай конкурснай пляцоўкай сталі фестывалі арганізацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Для жыхароў маленькага правінцыйнага гарадка вельмі ганарова складаць канкурэнцыю самадзейным артыстам са сталіцы і абласных цэнтраў. І, патрэбна зусім нясціпла адзначыць, канкурэнцыю значную».

А сведкі таму – шматлікія дыпломы з гэтых фестываляў. Аб іх расказаў Міхаіл Краўчанка: «Калі гаварыць пра год цяперашні, то, веру, што ў нас усё яшчэ наперадзе. А па выніках мінулага года: першае месца ў намінацыі «Аўтарская песня», другое – у намінацыях «Беларуская песня» і «Мастацкае слова». Лепшым сямейным калектывам фестывалю названа сям’я Краўчанка, якая выступіла з песняй аб Хойніках аўтарства Марыны Краўчанка».

Алег Казыра дадае: «У гэтым годзе калектыў прыняў удзел у акцыі АНТ «Гімн 2.0″, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наш відэаролік размешчаны на сайце канала разам з іншымі. Абавязкова паглядзіце».

Творчы калектыў выступае ў запаведніку на штогадовых мерапрыемствах, прысвечаных Дню жанчын, сям’і, маці, пажылых людзей і іншых. Частыя госці на раённых мерапрыемствах, так, напрыклад, выступалі 9 Мая ў гарадскім парку, 1 Мая ва ўрачыстым канцэрце ўдзельнічалі, сарваўшы буру авацый.

У заканчэнне размовы на пытанне пра планы творчага калектыву Марына Краўчанка рэзюмавала: «У планах – прыцягнуць да самадзейнасці дзяцей работнікаў запаведніка, думаю, выявім шмат талентаў. Ёсць многа іншых задумак. Але што атрымаецца – гэта зусім іншая гісторыя…».

Пажадаем выканання ўсіх планаў і новых перамог.

Падрыхтавала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *