Вырашаць пытанні як для сябе

Власть

Прадстаўнікі раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Галінай Бондар абмяркавалі шэраг пытанняў, важнейшымі з якіх сталі замацаванне тэрыторый за суб’ектамі гаспадарання і пералічэнне сродкаў, заробленых у час раённага суботніка.

З выездам на месца вырашалі адзін са зваротаў. Грамадзянін звярнуўся з просьбай выдзяліць участак для сенакашэння і выпасу хатняй жывёлы. Пытанне адрасавана аддзелу землеўпарадкавання, пасля выдзялення ўчастка грамадзяніну належыць навесці там парадак.

Ураганам пашкоджаны дах дома ў жыхароў н.п. Слабажанка – і дагэтуль сітуацыя не выпраўлена. Дзень быў дадзены мясцоваму сельгаспрадпрыемству на вырашэнне пытання. На момант публікацыі сітуацыя была выпраўлена. Таксама зварот па пашкоджанаму даху ад жыхароў дома па вул. 70 год Кастрычніка, 10а. «Камунальніку» аператыўна неабходна заняцца пытаннем. У Дубровіцы дрэвы з коранем ветрам паваліла – да навядзення парадку не прыступілі.

З жыхарамі н.п. Небытаў сустрэлася інфармацыйна-прапагандысцкая група райсавета. Галіна Бондар праінфармавала аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, рабоце асноўных нашых прадпрыемстваў, даходных і расходных частках бюджэту раёна. Дэпутат райсавета па Кліўской акрузе Алег Чэкан адзначыў пытанні, з якімі да яго звярталіся выбаршчыкі.

Прадстаўнікі РАНС, РАУС, ЦРБ, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праінфармавалі аб актуальных пытаннях сваіх галін дзейнасці.

Жыхары паскардзіліся, што аўтамабілісты не прытрымліваюцца хуткаснага рэжыму і часта па дарогах населенага пункту праязджаюць вялікагрузы. Супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС правядуць маніторынг руху, магчыма патрабуецца ўстанавіць дадатковыя знакі.

Пыталіся грамадзяне, чаму рэцэпты выпісваюць толькі на месяц, а ў рэгістратуру немагчыма дазваніцца. Растлумачана, што рэцэпты зараз могуць выпісваць і памочнікі ўрачэй, а работа рэгістратуры будзе праверана. Да таго ж, у панядзелак, 22 ліпеня, з 14.00 у Небытаўскім ФАПе будуць прымаць тэрапеўт і хірург. Скарыстайцеся магчымасцю звярнуцца да спецыялістаў.

Таксама жыхары прасілі спілаваць аварыйныя дрэвы і знішчыць баршчэўнік Сасноўскага, зараснікі якога яны выявілі каля меліярацыйнага каналу. Перажывалі, што некаторыя жывуць у адным домаўладанні, прапісаны ў другім, а парадку не наводзяць ні на адным селішчы. Скарыстаўшыся момантам знаходжання ў раёне дэпутата абласнога Савета дэпутатаў, генеральнага дырэктара ААТ «Гомельаблаўтатранс» Дзмітрыя Старасценкі, папрасілі працягнуць маршрут аўтобуса Хойнікі-Небытаў па вул. Партызанская. Аб змяненнях жыхароў праінфармуюць дадаткова.

Вольга БЕЛАШ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *