У сярэдняй школе № 2 прайшоў раённы конкурс чытальнікаў «Захаваем свет разам», удзел у ім прынялі больш за 20 юнакоў і дзяўчат.
Перад пачаткам мерапрыемства ўсе змаглі азнаёміцца з выстаўкай зборнікаў паэтаў і пісьменнікаў Гомельшчыны, менавіта ім і прысвячаўся гэты конкурс. Адметна, што некаторыя кнігі былі з аўтарскімі аўтографамі.
На конкурсе гучалі ўрыўкі з твораў знакамітых І. Шамякіна, М. Мятліцкага, Б. Сачанкі і менш вядомых аўтараў В. Кадзетавай, Г. Атрошчанка, А. Зэкава, А. Федарэнкі і інш. Патрэбна адзначыць добрую падрыхтаванаць, веданне беларускай мовы і эмацыянальнасць кожнага выступаючага. Несумненна, выканаўцы хваляваліся, аднак на тое гэта і конкурс, каб не толькі паказаць веданне мовы, але і сваё ўменне авалодаць увагай аўдыторыі, узрушыць яе эмацыянальна бадзёрымі радкамі. У юных чытальнікаў гэта атрымалася.
Журы доўга вагалася з размеркаваннем месцаў. У выніку лепшым у намінацыі «Проза» стаў вучань 8 класа Паселіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Аляксандр Камеш, які кранаюча прачытаў урывак з твора Я. Каршукова «Бомба ў жыце». На другім месцы – вучань 8 класа сярэдняй школы № 2 Марк Чыгір, на трэцім – вучань 5 класа СШ № 3 Арцём Сярмяжка.
Пераможца ў намінацыі «Паэзія» – вучань 11 класа СШ №1 Іван Бойдак, у яго выкананні кожнае слова «Дняпроўскай балады» М. Мятліцкага пранізвала да душы. Другое месца ў вучня 8 класа Стралічаўскай школы Канстанціна Кумпалава, трэцяе – вучня 8 класа гімназіі г. Хойнікі Аляксандра Дрожжы.
Прыз глядацкіх сімпатый большасцю галасоў атрымаў вучань 8 класа гімназіі г. Хойнікі Андрэй Смусянок за тэатралізаванае выкананне празаічнага твора А. Федарэнкі «Ракі».
Вольга БЕЛАШ.