І гоніць ветрам успаміны ў родны кут сваёй радзімы

Культура

Родная вёска – гэта сaмы ўтyльны i чapoўны кyт. Гэта кранаючыя душу ўспаміны.

Калі дзень пачынаецца з мыцця чыстай калодзежнай вадой, якая мае нейкі родны пах і смак. Калі духмяны сняданак з печы запіваеш парным малачком. Калі ў драўляныя аканіцы настойліва стукаюцца першыя кроплі дажджу. Калі вёска напаўняецца водарам скошанай травы. Дзе ўсе дзядзькі Васі, Рыгоры, Мішы і ўсе цёткі Ганны, Вольгі, Марыі па дзіцячай звычцы без імя па бацьку…

Так, сёння вёсачкі, нават невялікія, становяцца сучаснымі, у дамах з’яўляюцца модныя інтэр’еры, маецца інтэрнэт і іншыя выгоды, але ўсё роўна тут кіпіць простае вясковае жыццё. І ўсё ў вёсцы, як на далоні. Кожнае свята, кожная радасць становяцца агульнымі і гэта добрая нагода, адарваўшыся ад хатніх спраў, сабрацца разам. Так, як гэта было ў мінулую суботу на дні вёскі Звяняцкае.

Адкуль дакладна пайшла назва вёскі не вядома, але існуе легенда, што яна так завецца, бо раней тут была кузня, у якой працавалі сем кавалёў і ад іх працы ішоў звон па ўсёй акрузе. Таксама «звінела», але ўжо ад гучных, вясёлых песен Звяняцкае і ў гэты раз.

Жанчыны дасталі свае лепшыя сукенкі, па-святочнаму апранулі дзяцей. А дзядулі і бацькі раз-пораз запускалі рукі ў кішэні, каб даць грошай унукам і дзецям на пачастункі і забаву, якую прывезлі з райцэнтра, – батут.

Да пачатку канцэртнай праграммы вяскоўцы разглядалі альбомы са старымі фотаздымкамі, эмацыянальна абмяркоўваючы іх і ўзгадваючы яркія моманты з жыцця звеняцкоўцаў: «Памятаеш, як вяселле на кані па ўсёй вёсцы каталі?», «О! А гэта мы бульбу ўбіраць ездзілі», «А тут вось, пабач, наш былы магазін». Раней у Звяняцкім быў магазін, школа, ФАП, пошта – цяпер гэтыя чорна-белыя здымкі можна лічыць эксклюзіўнымі. Таму мне адразу захацелася «запазычыць» іх для нашай газеты.

Да Чарнобыльскай аварыі ў вёсцы жылі 449 чалавек, а цяпер засталося 95. Самая старэйшая жыхарка Ніна Васіленка, а самыя маленькія звеняцкоўцы – Таццяна Звягіна і Віктар Заяц, якія нарадзіліся сёлета. Варта адзначыць і шматдзетныя сем’і вёскі – Заяц, Філіпчанка, Здрок і Мінчык. І асобна мясцовую жыхарку Кацярыну Заяц, якая нарадзіла чатырнаццаць дзяцей, мае ўнукаў і праўнукаў.

Усіх ушаноўвалі на свяце вёскі, выклікаючы на імправізаваную сцэну і, пад дружныя апладысменты аднавяскоўцаў, выканваючая абавязкі старшыні Паселіцкага сельвыканкама Святлана Рабянок уручала падарункі. Дарэчы, да моманту запрашэння на сцэну ніхто не ведаў, не гадаў аб тым, за што будуць заахвочаны. І гэты элемент нечаканасці і інтрыгі на працягу ўсёй ўрачыстасці трымаў вяскоўцаў ва ўвазе да таго, што адбываецца на мерапрыемстве.

Адзначаны былі былыя настаўнікі, вельмі паважаныя людзі ў вёсцы – Аляксандра Корбіт і Ніна Алейнік. Шчырых слоў падзякі, безумоўна, заслужылі рупліўцы сельскай гаспадаркі і прадстаўнікі іншых прафесій, адданыя сваёй справе. Многія з іх былі на працоўным пасту, але ў бліжэйшы час падарункі знойдуць сваіх уладальнікаў.

Шчырага захаплення заслугоўваюць сямейныя пары, якія шчаслівы ў шлюбе шмат гадоў – Іван і Елізавета Заяц, Васілій і Ніна Разуменка, Іван і Лідзія Заяц, Анатолій і Лідзія Мінчык, Уладзімір Глузд і Тамара Заяц.

Ліліся песні – рускія і беларускія, народныя і сучасныя, запальныя і лірычныя. Артысты з горада ў свае выступленні ўкладалі часцінку душы, а гледачы, не шкадуючы апладысментаў, дзякавалі ім за свята.

Звеняцкоўцы любяць сваю вёску і выдатна ведаюць яе гісторыю, кожнае месца, кожную сцяжынку – гэта яны пацвердзілі, з лёгкасцю адказваючы на пытанні віктарыны аб родным населенным пункце. Душэўная панавала атмасфера, па святочнай пляцоўцы разліваўся дзіцячы смех. І хочацца верыць, што ён яшчэ доўга-доўга будзе гучаць на звеняцкоўскіх вуліцах. І будзе жыць вёска, і будуць шчаслівыя яе жыхары, і будуць дружныя, і будуць разам збірацца на святы. Да новых сустрэч.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *