Мабільная група едзе да вас


korovnikЗаробак атрымаюць – адразу адзначаюць. На жаль, такая традыцыя ўжо трывала прыжылася ў сельскай гаспадарцы. Канешне, нельга ўсіх працаўнікоў вёскі стрыгчы пад адзін грэбень, але жадаючых пры дапамозе спіртнога «ашчаслівіцца» ў доўгачаканы дзень зарплаты (а часта і яшчэ некалькі дзён пасля яго) хапае. І тут прасочваецца заканамернасць: папаўненне ў кашальках работнікаў – з’яўленне вытворчых праблем на фермах. Таму члены мабільнай групы райвыканкама ў дні выдачы заробкаў узмацняюць кантроль за захаваннем працоўнай дысцыпліны і парадку ў сельгаспрадпрыемствах раёна.

СТАНОЎЧЫЯ ЗРУХІ ЁСЦЬ, або ЧАМУ НЕ ПАЗНАЦЬ ВАЛОКІ
Першага красавіка аб’ектамі ўвагі правяраючых сталі фермы КСУП «Судкова». Гэтая гаспадарка ў апошні час «славіцца» багаццем выяўляемых хібаў. Друкуючы крытычныя матэрыялы, мы неаднаразова ў газеце ўздымалі пытанне: калі ўжо лёд кранецца, і судкаўчане выкараняць бязладдзе на рабоце? Нарэшце дачакаліся – першыя станоўчыя зрухі ёсць.

На Судкоўскай малочнатаварнай ферме сустрэла ветлівая загадчыца Любоў Валянцінаўна Жаўняк. «Зарплату атрымалі, але гэта не выклікала зрываў у працы. Усе нашы жывёлаводы знаходзяцца на рабочых месцах у цвярозым стане. Мы перавялі дойны статак на пашу, у выніку атрымліваем прыбаўку малака. Карацей кажучы, усё ў нас добра – і настрой адпаведны».

У цэлым абстаноўка на ферме парадавала, але без заўваг не абышлося. Не каля ўсіх месцаў у памяшканні для даення ёсць кармушкі для жывёлы, на бідонах з малаком адсутнічаюць накрыўкі.

Далей правяраючыя накіраваліся на МТФ у Дворышча. Заходзім у хлеў, там працуюць два работнікі. Пытаемся ў іх: «Ці выдалі заробак?» Адзін з мужчын адказвае: «Напэўна, але дакладна не скажу, бо грошы мне пералічваюць на картку. Я іх не здымаю, няхай збіраюцца. Навошта яны мне? Было б вадзіцельскае пасведчанне – купіў бы машыну. Была б жонка ды дзеці – звазіў бы на рынак. А так, дзякуючы гарэлцы (раней піў), нічога не маю… Таму нават зарплата не ў радасць».

Не выявіўшы грубых парушэнняў на Дварышчанскай МТФ, мабільная група накіравалася ў Езапоў. Парадавала, што работнікі наводзілі парадак на прылягаючай да фермы тэрыторыі. Чысціня знадворку, а вось унутры – брудна. Ужо неаднаразова правяраючыя ўказвалі на беспарадак у раздзявалках, але непрывабная карціна тут застаецца.

Наступны прыпынак мабільнай групы – малочнатаварная ферма «Валокі». Зайшлі ў памяшканне – і аслупянелі: ферму не пазнаць! Тут актыўным ходам вядзецца рамонт. Пафарбаваны сцены і дзверы, наведзены парадак у памяшканнях, якія раней служылі камерай для захоўвання хламу. У час наведвання рамонтныя работы вяліся і ў кабінеце брыгадзіра. Кардынальныя змены – заслуга ў першую чаргу новага кіраўніка вытворчага падраздзялення Таісіі Фёдараўны Карась. Другі тыдзень як займае гэтую пасаду, а ўжо столькі паспела зрабіць! Нездарма кажуць, галоўнае – жаданне. Ініцыятыву новай загадчыцы ўхваліў калектыў фермы: разам усе фарбуюць, беляць, а хутка і да прылягаючай тэрыторыі дабяруцца. «Гэта толькі пачатак, вы да нас прыязджайце крыху пазней – больш зробім», – з энтузіязмам гаварыла Т.Ф. Карась. Са стварэннем належных умоў працы, трэба спадзявацца, што палепшацца і вытворчыя паказчыкі.

Першакрасавіцкі рэйд завяршыўся наведваннем малочнатаварнай фермы ў Малішаве. Тут таксама ўсе выйшлі на работу і знаходзіліся на рабочых месцах у цвярозым стане. Як агульны мінус на ўсіх правераных фермах – неаформленыя належным чынам інфармацыйныя стэнды.

АДКУЛЬ СТОЛЬКІ БУТЭЛЕК І ЯКУЮ ШКОДУ ЎТВАРЫЎ ШКОДА?
На наступны дзень, другога красавіка, маршрут мабільнай групы пралягаў на малочнатаварныя фермы сельгаспрадпрыемства імя Мележа. Пачалі праверку з МТФ «Глінішча». Раз бутэлька, два, тры… дванаццаць, трынаццаць…а тут і наогул поўныя мех і пакет. Правяраючыя колькасцю тары з-пад спіртнога былі шакіраваны. Гэта ж столькі п’юць! Ды яшчэ і раскідваюць бутэлькі па тэрыторыі! Работнікі фермы пракаменціраваць «шкляныя знаходкі» не змаглі.

Мабільнай групай быў адзначаны і факт марнатраўства: з-за таго, што шланг падключаны няшчыльна, з калонкі няспынна цячэ струмень вады.

На малочнатаварным комплексе ў Алексічах новы ДМБ, але з-за бруду знутры адчуванне навізны знікае. Акуркі, смецце, складзеныя ў куток сеннікі, запэцканыя ракавіны і сцены – усё гэта проста абурае. Такі комплекс псуюць!

Чым больш людзям рабі – тым менш цэняць. Гэту выснову пацвердзіла і наведванне малочнатаварнай фермы «Тунеўшчына». З раздзявалкі работнікі зрабілі курылку. Заходзіш – і адразу трапляеш у дымавую завесу. На прылягаючай да фермы тэрыторыі знаходзіцца незачынены люк. Але гэта ўсё кветачкі, а вось ягадкі пачаліся, калі правяраючыя знайшлі бутэлькі з-пад гарэлкі ў гумавых ботах. Нават сюды ўмудраюцца хаваць «заначкі»! Пасля выявілі работніка са спіртным душком. Шкоду (з’явіўся на рабоце ў нецвярозым стане) зрабіў даяр па прозвішчу Шкода, прабачце за каламбур. На Аляксандра Нікіфаравіча ўчастковы міліцыянер С.П. Талюк склаў пратакол. Па словах калег, гэты жывёлавод – спакойны, працавіты, спраўна ходзіць на работу. Гэта ўсё добра, але каб вось без чарачкі змог абысціся… Нецвярозы работнік – гэта вельмі небяспечна, злы жарт можа адыграць любая дробязь.

Больш за дзесятак бутэлек з-пад спіртнога было выяўлена і на малочнатаварнай ферме ў Дуброве. Наогул усё там выглядае вельмі змрочна. Адна старожка чаго варта. Нават словы цяжка падабраць, каб апісаць яе жахлівы выгляд.
Калі мабільная група прыехала на ферму ў Слабажанку, абедзеннае даенне там ужо закончылася, даяркі разышліся па дамах. З імі, на жаль, не паспелі пагутарыць, але заўвагу работнікам, якія засталіся на ферме, наконт вялікай колькасці смецця зрабілі.

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *