Дэкада навук

Образование

У калектыве СШ № 3 г. Хойнікі стала добрай традыцыяй праводзіць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных розным навукам. На гэты раз яны былі самымі разнастайнымі і змястоўнымі ў ходзе дэкады навук.

Сярод  27 мерапрыемстваў былі інтэлектуальна-пазнавальны турнір “Зямля Беларусі – мая зямля”, пазакласнае мерапрыемства па біялогіі “Кветкі – зямной красы пачатак”, групавое спаборніцтва “Хімікі-лірыкі”, інтэлектуальны марафон і інш. Усе дзесяць дзён праводзіліся віктарыны, экскурсіі, працавалі лектарскія групы. Да таго ж вучні падрыхтавалі спецвыпуск газеты “Голас школы”, дзе змешчаны тэматычныя артыкулы і названы прозвішчы пераможцаў конкурсаў.

Актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах прынялі і самыя малодшыя цікаўныя вучні з сектара “Ноушата”, створанага ў гэтай навучальнай установе.

Яскравым было заканчэнне дэкады навук. Адкрытае пасяджэнне навуковага таварыства вучняў “Крок у будучыню” правяла яго кіраўнік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна Шаціла. Пасяджэнне праходзіла ў выглядзе інсцэніроўкі з казачнай Бабай Ягой і персанажамі, якія прэзентавалі тую або іншую навуку.

Затым вучні малодшых класаў адгадвалі загадкі, атрымліваючы за правільныя адказы “медалі”. А старшакласнікі прынялі ўдзел у інтэлектуальным спаборніцтве “Разумнікі і разумніцы”. Тры каманды – “Эрудыты”, “Хімікі-лірыкі” і “Зеніт” змагаліся за званне лепшай. З адрывам у адзін бал ад “Эрудытаў” перамогу атрымалі разумніцы з каманды “Хімікі-лірыкі”  (на здымку). Ім былі ўручаны дыплом і салодкі падарунак – торт.


Тэкст і фота
Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *