Прайшоўшы месяц азнаменаваўся для юных дзюдаістаў СДЮШАР г. Хойнікі, выхаванцаў трэнера А.М. Лук’яненкі, шырокім удзелам у рознага рангу спаборніцтвах і дасягнутымі перамогамі на татамі.
У першынстве вобласці сярод юніёраў і юніёрак 1994-1998 гадоў нараджэння, якое праводзілася 11-12 сакавіка на стадыёне «Гомсельмаш», каманда нашых дзяўчат заняла першае месца, каманда юнакоў – трэцяе. На першую прыступку п’едэстала гонару ў сваіх вагавых катэгорыях падымаліся Мікіта Ледзянёў і Ксенія Будзько, другія месцы занялі Максім Грыгаровіч, Хрысціна Ярац, Станіслаў Турчанок, Вікторыя Яромчык, Аляксандра Шкут, трэцімі сталі Міхаіл Стольнікаў, Уладзіслаў Балбасаў, Яўгенія Служэнка, Алена Гардзейчык.
У Ельску праходзіў традыцыйны адкрыты турнір памяці маёра міліцыі В.А. Акінчыца. Адсюль з узнагародамі вярнуліся дамоў 6 нашых дзюдаістаў: з першымі месцамі – Данііл Лявіцкі і Ксенія Карабут, з другімі – Макар Чарняк, Зарына Ашурава, Анастасія Рабянок, з трэцім месцам – Уладзіслаў Багдановіч.
20-22 сакавіка адбыўся выезд хойніцкіх дзюдаістаў у латышскі горад Елгава на міжнародны турнір алімпійскіх надзей. Акрамя беларускіх, удзельнічалі спартсмены з Расіі, Украіны, краін Прыбалтыкі.
Другое месца ў вагавой катэгорыі 26 кг заняў Кірыл Яськоў, трэцяе – у вазе 42 кг – Макар Чарняк.
Знайшоўся час, каб азнаёміцца з выдатнымі мясцінамі гэтага горада і сталіцы Латвіі, якая ў 30 кіламетрах адсюль. Прыемна ўразіла тое, што людзі розных узростаў, цэлымі сем’ямі прыходзяць у спартыўна-аздараўленчы цэнтр. Адны трэніруюцца, іншыя назіраюць за ходам спаборніцтваў.
І самае галоўнае: паездка гэта аказалася магчымай толькі дзякуючы бацькам юных спартсменаў, якія поўнасцю ўзялі фінансавыя выдаткі на сябе.
Асаблівая падзяка жыхару горада Алегу Мікалаевічу Шаціла, які завёз хайнічан на спаборніцтвы на ўласнай аўтамашыне.
У Гомелі прайшло абласное першынство сярод дзюдаістаў 1993-1996 гадоў нараджэння.
У вазе да 60 кг абсалютную перамогу атрымаў Мікіта Ледзянёў, другія месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Станіслаў Турчанок і Аляксандр Заеў, трэція – Андрэй Арцюх і Аляксандр Гарбаты.
На прайшоўшым 24-26 сакавіка адкрытым першынстве Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў і юніёрак 1994-1998 гадоў нараджэння ў горадзе Магілёве выхаванка СДЮШАР Ксенія Будзько, заняўшы першае месца ў вазе 52 кг, стала чэмпіёнкай Беларусі па барацьбе дзюдо. У лік бронзавых прызёраў спаборніцтваў увайшлі Хрысціна Ярац і Максім Грыгаровіч.
Крыху пазней, у пачатку красавіка, Ксенія на першынстве Рэспублікі Беларусь у г. Ліда сярод мужчын і жанчын не старэй 23 гадоў дабілася такога ж выніку – залаты дубль.
У. БОРДАК, дырэктар СДЮШАР г. Хойнікі.