На гэтым тыдні ў Брагіне прайшоў абласны семінар для работнікаў культуры, адказных за ахову гісторыка-культурнай спадчыны. Яго ўдзельнікі наведалі і наш горад – зазірнулі да калег у раённы краязнаўчы музей і ўбачылі яго скарбы.
Безумоўна, нам ёсць, чым пахваліцца. Музей знаходзіцца ў адным з самых прыгожых будынкаў горада. Гэта сапраўды каштоўная гістарычная скарбніца. Музей прасторны, па-свойму унікальны, і зараз з’яўляецца своеасаблівай візіткай раёна.
Самыя розныя эмоцыі выклікае наведванне яго. Трапляеш туды — і перад табой адкрываецца цэлы велізарны свет: свет гукаў, адчуванняў і нават пахаў. Так-так, на самой справе пахаў няма, але пад аповяд экскурсавода, ўключаеш фантазію, і яна «малюе» перад вачыма розныя фрагменты гісторыі. І ты нібы адчуваеш пах пірагоў на вузкай вулачцы маленькай вёскі, якой ужо няма, ці пах старых кніг. Быццам чуеш рыпанне масніц ў старым доме.
Ці, напрыклад, гледзячы на карціны адчуваеш пах намаляванага сена. Лесу. Бабуліных чамаданаў. Здаецца, што чуеш шамаценне алоўка па паперы. У ваеннай зале нібыта чутны выбухі гранат і плач людзей…
Цікавыя рарытэтныя рэчы – пуцяводныя ніці па мінулым. Унікальную частку фонду складаюць калекцыі тканіны і народных касцюмаў, прадметаў сялянскага быту, нумізматыкі, зброі, фотаздымкаў, дакументаў, прадметаў матэрыяльнай культуры, чучалы жывёл, асабістыя рэчы знакамітых землякоў. Знаёмства з экспазіцыямі прыносіць у душу ні з чым не параўнальныя пачуцці, сапраўднае свята адкрыцця. Пацвердзілі гэта і госці. Яны сустрэліся з Прозарамі, рабілі сэлфі з бюстам Мележа (наогул з захапленнем фатаграфавалі многія экспанаты) і адчулі мурашкі па скуры ў «чарнобыльскай» зале.
Удзельнікі семінара ў сваіх водгуках станоўча ацанілі вопыт экспазіцыйнай і выставачнай работы нашага музея. Акрамя таго, яны падкрэслілі, што такія наведванні вельмі карысныя ў плане знаёмства з перадавым вопытам музеяў, дыялогу з музейнымі спецыялістамі з розных рэгіёнаў, для наладжвання творчых і прафесійных сувязей.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.