На кантролі — гатоўнасць да ўборкі ўраджаю

Сельское хозяйство

У мінулую суботу ў аграгарадку Глінішча прайшоў раённы выязны семінар з удзелам кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, галоўных аграномаў, інжынераў, спецыялістаў райсельгасхарчу. Ключавое пытанне яго праграмы – гатоўнасць тэхнікі, зернесушыльнай і складской гаспадаркі да ўборкі і пасляўборачнай апрацоўкі рапсу, збожжавых і зернебабовых культур і шматгадовых траў.

Напярэдадні ў райвыканкоме былі створаны чатыры групы на чале з намеснікамі старшыні райвыканкома, якія праверылі, як абстаяць справы ў гэтым напрамку, у тым ліку і з дакументацыяй, тэхнікай бяспекі ў кожнай з васьмі гаспадарак раёна. Вынікі іх справаздач падвёў галоўны інжынер райсельгасхарчу А.Р. Варабей. Так, па стану на 27 чэрвеня на лінейку гатоўнасці ў раёне пастаўлена 78% збожжаўборачных  камбайнаў. Самым лепшым чынам падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі ў КСУП  імя Мележа, у чым і давялося ўпэўніцца ўдзельнікам семінара на мехдвары гаспадаркі (на здымку). Крытыцы падвергліся КУП “Аравічы”, агракамбінат “Віць”, КСУП “Велікаборскі”, эксбаза “Стралічава”.

У ходзе мерапрыемства пабывалі на насенняводчым участку КСУП імя Мележа, дзе вырошчваецца  яжа зборная сорту “Магутная”. Своечасова тут у глебу былі ўнесены азотныя, калійныя ўгнаенні, і вынік працы такі, што яго смела паставіў старшыня райвыканкома А.В. Бічан у прыклад. Гаворачы пра якасць палёў, у абавязковым парадку Аляксандр Васільевіч запатрабаваў абкасіць усе пасевы, а затым прадыскаваць, каб пустазелле не паўплывала адмоўным чынам на вынікі працы.

На семінары, таксама на прыкладзе КСУП імя Мележа, прысутным давялі інфармацыю, як уласнымі сіламі пры дапамозе жалезабетонных вырабаў, выпускаемых на заводзе ў Хойніках, пабудаваць траншэю на 4 тысячы тон сіласу, затраціўшы на гэта каля 35 мільёнаў рублёў.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *