Что изменилось на Великоборском отделении КСУП «Эксбаза «Стреличево»

Сельское хозяйство

Звычайна, калі гаворка ідзе пра ўтрыманне сельскагаспадарчых аб’ектаў, чуеш больш крытычных заўваг, чым добрай адзнакі.

Таму, калі на апаратнай нарадзе было адзначана Велікаборскае аддзяленне КСУП «Эксбаза «Стралічава» са станоўчага боку, вырашыла на свае вочы пабачыць, як там ідуць справы з утрыманнем тэрыторый і аб’ектаў.

Дамаўляюся з упраўляючым Велікаборскага аддзялення Мікалаем Сачанкам сустрэцца на мехдвары. Мікалай працуе другі год, з моманта аб’яднання гаспадарак. На пытанне «чаму толькі зараз станоўчыя вынікі пачалі атрымліваць» адказаў, што патрэбен быў час, каб даведацца людзей, зразумець, хто на што здольны, як на каго ўздзейнічаць. «Аднаму патрэбна доўга растлумачваць, другому – даручыць адказную справу, іншы разумее толькі «камандзірскі тон», – расказвае ўпраўляючы. – Гэта людзі, і па-іншаму работаць не атрымліваецца. Шукаю падыход да кожнага, растлумачваю, паказваю на ўласным прыкладзе».

Калі прыехала ў Вялікі Бор, на мехдвары як раз абкошвалі тэрыторыю. Як патлумачыў загадчык мехдвара Аляксандр Бандарэнка, ужо чацвёрты раз за лета займаюцца абкоскай. Дажджы толькі спрыяюць росту травы. Таму малады работнік Дзмітрый Каляда без напамінаў з боку кіраўніцтва бярэцца за трымер і прыступае да працы.

За рамонтам сеялкі засталі Уладзіміра Сівака. Рыхтуе тэхніку да сяўбы рапсу, якая хутка распачнецца ў гаспадарцы.

Каля прахадной на мехдвары – кветкі. Імі займаюцца вартаўнікі – паліць, прапалоць.

Пытаюся, ці навучылі работнікаў прыбіраць сваё рабочае месца па заканчэнні работ. «Паступова, але ж прывучылі, – расказвае Мікалай. – Не адразу ўсё склалася, аднак разуменне таго, што лепш кожны дзень па крыху прыбіраць за сабой, складваць інструмент на месца – гэта лепш, чым у бязладзі працаваць».

Наведваем КЗС. На весавой ідзе рамонт (пакраска, пабелка памяшкання). Тэрыторыя таксама абкошана. Упраўляючы дзеліцца планамі, што яшчэ будзе зроблена на тэрыторыі і аб’ектах, што на ёй размяшчаюцца, пра падтрымку з боку дырэктара сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Бондара, які не адкідвае ініцыятывы работніка, а садзейнічае іх ажыццяўленню.

Чалавечы фактар – галоўнае ў кожнай рабоце, у тым ліку на малочна-таварнай ферме. Яе наведалі мы таксама у час абедзеннай дойкі. Калі не будзе адказнасці і разумення, што робім агульную справу і вынік павінен быць добрым, то нічога не атрымаецца. Гэтыя асновы таксама даводзіцца даносіць да работнікаў, тлумачыць і не па аднаму разу. Паступова сітуацыя выпраўляецца, але, на жаль, пакуль без хібаў не абыходзіцца.

Тэрыторыя падмеценая, абкошаная. На уваходзе сустракаюць кветкі і пафарбаваная прахадная. Аварыйныя будынкі будуць знесены, галоўнае, каб гэтая справа не зацягнулася.

Устаноўлены кантэйнеры для збора цвёрдых камунальных адходаў, плёнкі, шпагатаў. Дарэчы, кантроль за тым, каб вяроўкі былі прыбраны асаблівы, таму што яны могуць папасці ў механізмы і сапсаваць тэхніку, а гэта і грашовыя затраты, і час губляецца.

Увесь статак на Велікаборскім аддзяленні налічвае 1482 галавы, з іх 432 дойных каровы. Працавалі 3 даяркі (адна на выхадным была). Загадчык фермы Любоў Шлёг азнаёміла з паказчыкамі работы за апошнія дні.

У заканчэнне размовы Мікалай Сачанка падкрэсліў: «Канешне, калі каманда зладжаная, калі кожны адказвае за сваю работу і адносіцца да яе адпаведна, то работаць прасцей. І кола пытанняў можна будзе вырашыць большае. Таму вельмі разлічваю на дапамогу і падтрымку ўсяго калектыву аддзялення, як ніяк, справу агульную робім».

Безумоўна, ідэальнай сітуацыі не бывае, але калі людзі стараюцца, то чаму б гэты факт не адзначыць. Магчыма, гэтым падштурнём і іншых да актыўных дзеянняў.

Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *