Кадравае папаўненне ў настаўніцкай сям’і

Образование

Менш чым праз два тыдні школьныя класы пасля самых працяглых канікул зноў напоўняцца дзіцячымі галасамі.

Разам з дзецьмі чакаюць гэты дзень школьныя настаўнікі. Многія з іх хваляванне першага (а сёлета другога) верасня адчуваюць ужо не першы раз. Але з асаблівым трапятаннем пераступяць школьны парог маладыя спецыялісты, якія пасля атрымання дыпломаў упершыню пачнуць самастойную работу.

Усяго ў гэтым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі нашага раёна накіравана 16 маладых педагогаў, 13 з іх – хайнічане. Дзевяць чалавек маюць вышэйшую адукацыю, з сярэдняй спецыяльнай – 7.

Напярэдадні пачатку новага навучальнага года ў трэцяй гарадской школе адбылася традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна і аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама з маладымі спецыялістамі. Новаму папаўненню распавялі аб грашовых выплатах, выгадных крэдытах для маладых спецыялістаў, магчымасці атрымання службовага жылля.

Сустрэча праходзіла ў фармаце «круглага стала», за якім было месца і афіцыёзу, і часам нефармальным, цёплым зносінам. Выступаючы перад маладымі спецыялістамі намеснік старшыні райвыканкама Жанна Чарняўская і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Тупіца гаварылі аб розных методыках і падыходах да дзяцей, расказвалі прафесійныя фішкі і сакрэты. Абмяркоўвалі тое, як сучасным маладым педагогам быць у курсе, на хвалі, у трэндзе. Як несці вучням свае эмоцыі, сваё слова, запальваць у іх энтузіязм.

Цёплы прыём, карысная інфармацыя, знаёмства з калегамі, уручэнне працоўных кніжак – усё мерапрыемства было такім душэўным, сапраўды гэта быў шчыры прыём у вялікую настаўніцкую сям’ю.

Трывалыя і глыбокія веды, атрыманыя ў навучальных установах, свае творчыя ініцыятывы і задумкі маладыя спецыялісты гатовы хутчэй праверыць на практыцы, каб па галоўнай настаўніцкай традыцыі несці іх у дзіцячыя калектывы, сеяць добрае, мудрае, вечнае.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



1 комментарий по теме “Кадравае папаўненне ў настаўніцкай сям’і

  1. Чаму «менш чым праз два тыдні»? Якраз – праз два. Будзьма ўважлівымі…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *