Іграй, баян любімы!

Год малой радзімы Образование

Яшчэ ў дзяцінстве яму падарыў бацька гармонік. І вось з шасці гадоў хлопчык, седзячы на лавачцы, іграў вяскоўцам на гэтым музычным інструменце прыпеўкі. Збіраліся паглядзець на маленькага самародка і суседзі, і сябры.

А як жа ганарыліся ім родзічы! Зразумела чаго: гадкоў мала, а гарманіст ужо ўдаленькі. Зрываў апладысменты Вова, а хто і капейкі кідаў ад душы. А за іх ён бег і купляў ліманад у магазіне. Вось калі шчасцю не было мяжы.

Ужо тады наш герой музыкай кранаў людскія сэрцы, вылучаўся адоранасцю сярод жыхароў Кабанаўкі Жлобінскага раёна (адкуль родам). Можна сказаць, быў першым музыкантам на вёсцы. Але ж на гэтым слава хлапчука не закончылася, а толькі працягнулася. Праўда, музычны інструмент вырашыў змяніць на другі, каб пашырыць гукавое напаўненне. На змену прыйшоў менавіта баян. Дарэчы, і на тульскім баяне «даваў жару» ў Кабанаўцы маленькі музыкант, вяскоўцы з задавальненнем танцавалі пад знакамітыя мелодыі літаральна да ўпаду. Армейская служба Уладзіміра таксама не абыйшлася без музыкі – выступаў у складзе аркестра, спяваў.

Хто бы мог падумаць, што лёс так складзецца, і баяніст пераедзе жыць да нас у Хойнікі. І ў гэтым годзе той самы хлапчук, а зараз вядомы чалавек у музычным асяроддзі, настаўнік па класу баяна дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Чарнякоў будзе занесены на раённую Дошку гонару як лепшы работнік устаноў культуры.

Ні адно пакаленне таленавітых баяністаў, удзельнікаў і пераможцаў рэгіянальных, абласных конкурсаў (асабістых узнагарод у настаўніка таксама хапае, толькі сціпла аб гэтым расказвае) выпусціў са сцен ДШМ Уладзімір Мацвеевіч. Ён прызнаецца, што вельмі патрабавальны настаўнік, асабліва ў дачыненні да сваіх сыноў. Аказваецца, двое з іх – Павел і Сяргей – пачыналі музычны шлях пад кіраўніцтвам менавіта бацькі, а Алег ужо хадзіў займацца да другога настаўніка. Аднак толькі Павел застаўся верным інструменталістам і зараз працуе выкладчыкам у Мазырскім музыкальным каледжы. Дарэчы, праходзіў стажыроўку ў Цюрыхскай вышэйшай школе мастацтваў у Швейцарыі. І жонка Уладзіміра Чарнякова Людміла звязана з музыкай (у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці працуе музычным кіраўніком). А калі надыходзіць якое-небудзь свята, яны не ўпускаюць магчымасці каб зыграць на баяне і заспяваць любімыя кампазіцыі для сваіх блізкіх людзей (да таго ж яны добрыя вакалісты). Асабліва нашаму герою падабаецца выконваць на інструменце «Финскую польку», вальс «На сопках Маньчжурии». А ўвогуле Уладзімір Мацвеевіч можа ўзяцца за выкананне любога класічнага твора, сучасных мелодый. Вопыт ёсць вопыт.

Нярэдка бачу Уладзіміра Чарнякова на раённай сцэне не толькі ў якасці кіраўніка дзіцячага ансамбля «Верасок» (дзейнічае з 1993 года), але і ў ролі спявака. Часам і жонка далучаецца, тады атрымліваецца цудоўны сямейны дуэт. Прыемна слухаць, як прыхільніца іх творчасці кажу.  

«Іграю і спяваю тое, што падабаецца народу. Буду займацца гэтым і далей, бо люблю мастацтва», – на развітанне дабаўляе мне Уладзімір Мацвеевіч.

Факты пра Уладзіміра Чарнякова

— Запрашалі ў юнацтве іграць на баяне на вяселлі, на праводзінах у армію.

— Быў удзельнікам ансамбля «Юнакі Палесся» пад кіраўніцтвам Анатолія Навуменкі. 

— На аматарскім узроўні асвоіў фартэпіяна, кларнэт, бас-гітару.

— Працаваў настаўнікам музыкі і спеваў, кіраваў хорам.

 

Вікторыя Мароз. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *