Спорыцца работа на восеньскім полі

Сельское хозяйство

Многія з вас, напэўна, ужо бачылі, што на палях, дзе «ступае» тэхніка, адразу з’яўляецца «пясочнае тарнада».

На палетках, акрамя велізарнага слупу пылу, складана нешта разглядзець – у ім цалкам хаваецца нават трактар. А ўявіце, як кіраваць, калі амаль нічога не бачна вакол. Таму пакуль усе атрымліваюць асалоду ад цёплага пачатку восені, рупліўцы сельскай гаспадаркі мараць аб дажджу.

Засуха нават звычайна «зялёнае» жніво хутка пераўтварае ў жоўтае. Але нездарма плошчы, адведзеныя пад кукурузу ў раёне, кожны год павялічваюцца. Гэта якраз той выпадак, калі прырода разам з эканомікай дыктуюць аграрыям, як распараджацца зямлёй з максімальнай выгадай. У засуху, калі каласавыя літаральна гараць на корані, кукуруза вытрымлівае, радуе добрым ураджаем і ўжо ў сілу гэтага становіцца не толькі высокарэнтабельнай, але і стратэгічнай. Менавіта яна забяспечвае патрэбы раёну ў кармах.

У гаспадарках «кіпіць» работа. Адзін за адным грузавікі і трактары з прычэпамі займаюць месцы пад стрэламі кормакамбайнаў. Усе знаёмыя асобы (перадавікі, здымкі якіх часта трапляюць на старонкі газеты) імкліва дастаўляюць свежаскошаную кукурузную масу да сіласных траншэй. А там бесперапынна вядзецца трамбоўка. Дакладнасць і рытмічнасць пануе на ўсім ланцужку корманарыхтоўкі. Важна, што людзі настроены на прадуктыўную работу, разумеюць, што сілас патрэбна нарыхтаваць у найкарацейшыя тэрміны, каб мець добрую яго якасць.

Восенню ў аграрыяў шмат спраў, галоўная задача – усё сельгасработы весці ў комплексе, нічога не адкладаючы на потым. Таму пасяўныя агрэгаты зараз таксама ў актыўнай рабоце.

Хочацца ў чарговы раз адзначыць, што ў нас такія цудоўныя людзі, такія працавітыя – пасля падарожжа па палях надоўга зараджаешся пазітыўнай энергіяй. І так хочацца, каб усё ў іх атрымлівалася добра. Поспехаў вам і… дажджу!

Фота Алега ЗУБКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *