– Паездка ў Касцюковічы была загадзя запланаванай. Мы з жонкай ездзілі туды на дзень нараджэння да сяброў і заадно наведалі некалькі цудоўных славутасцяў гэтага куточка Беларусі.
Увогуле Касцюковічы прывабліваюць сваёй непаўторнасцю, маляўнічасцю, разнастайнасцю архітэктурных і гістарычных помнікаў. Дарэчы, сам горад размешчаны на рацэ Жадунька, якая працякае па паўднёва-ўсходняй частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны. Нядаўна даведаўся, што назва горада, згодна з сучаснай легендай, паходзіць ад імя першага пасяленца, аднаго з далёкіх продкаў – Касцюка.
Пабывалі на Студзянецкай Святой крыніцы. Гэта допраўпарадкаваны комплекс з купелю, драўляным зрубам, памятным знакам. Канешне, мы набралі сабе дадому цудадзейнай вадзіцы. На тэрыторыі раёна ёсць два заказніка мясцовага значэння: ландшафтна-паляўнічы і гідралагічны, паселішчы барсука і чорнага бусла, занесенага ў Чырвоную кнігу.
Мы з задавальненнем прагуляліся па гораду, дзе нас сустрэла галоўная яго славутасць – Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1999 годзе на месцы царквы, якая там стаяла яшчэ ў ХІХ стагоддзі. На самой справе, яна заварожвае толькі адным сваім знешнім выглядам. Яе патрэбна ўбачыць ужывую, на фотаздымках царква выглядае не так прыгожа.
У самым цэнтры Касцюковічаў закладзена Алея Славы і памяці воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На ёй устаноўлена шэсць бронзавых бюстаў ураджэнцаў Касцюковіцкага раёна, якія атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза.
Гісторыю горада захоўвае краязнаўчы музей, куды мы і заглянулі напрыканцы нашай экскурсіі. Там ёсць археалагічныя знаходкі, старадрукаваныя кнігі, дакументы, прадметы побыту і мастацтва. Сярод цікавых экспанатаў у ім запомніўся зуб маманта, костка шарсцістага насарога, калекцыя мінералаў, фігура дзіцяці тыраназаўра. На вітрынах Касцюковіцкага музея прадстаўлены тагачасныя прылады працы, макеты першых паселішчаў, упрыгожванні.
Раздзел адной з экспазіцыі музея «Славутыя землякі» пазнаёміў нас са знакамітымі ўраджэнцамі Касцюкоўшчыны, якія сваімі заслугамі вядомыя далёка за яе межамі. Гэта літаратары, мастакі, скульптары, дактары і кандыдаты розных навук, заслужаныя майстры спорту. Напрыклад, на Касцюкоўшчыне нарадзіўся народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра Вадзім Стральцоў.
Мы з жонкай засталіся задаволены паездкай на Касцюковіцкую зямлю, уражанні неверагодныя!
Запісала Вікторыя МАРОЗ.