Правілы радыяцыйнай бяспекі

Медыцына і здароўе

Пры перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства да ўжывання неабходна выкарыстоўваць прасцейшыя прыёмы пярвічнай ачысткі, што прыводзіць да зніжэння радыеактыўнага забруджвання прадуктаў ад 2 да 10 і больш разоў.

Перад ужываннем і прыгатаваннем пладоваагароднінных прадуктаў патрэбна захоўваць наступныя правілы:

– старанна мыць любую гародніну і фрукты;

– у капусты здымаць 3-4 верхнія лісты;

– караняплоды старанна ачышчаць ад зямлі;

– абавязкова зразаць бацвінне ў караняплодаў разам з венчыкам на 10-15 сантыметраў.

Перад апрацоўкай агародніны, фруктаў і ягад іх пажадана прамыць у 2-3 водах, перад апошняй прамыўкай агародніны ваду падкісліць воцатам. Не рэкамендуецца ўжываць у ежу расолы і марынады.

Асноўная колькасць выпаўшых радыенуклідаў у лесе знаходзіцца ў верхнім слоі лясной подсцілкі. Высокае іх утрыманне ў кары дрэў, імху, лішайніках, а таксама ў ягадах і грыбах.

Збор грыбоў і ягад, нарыхтоўка лекавай сыравіны, выпас жывёлы і нарыхтоўка сена ў лясах дазваляецца пры шчыльнасці забруджвання цэзіем-137 да 2 кюры на кіламетр квадратны.

У сувязі з тым, што аб ступені накаплення цэзію-137 у асноўных відах ядомых грыбоў ужо неаднаразова паведамлялася ў раённай газеце, адзначу, што найменшае накапленне радыенуклідаў, згодна з лабараторнымі даследаваннямі, зарэгістравана ў апеньках, дажджавіках і іншых відах грыбоў, якія адносяцца да чацвёртай групы накаплення.

З ягад найменшае забруджванне маюць рабіна, суніцы, маліна, найбольшае – чарніцы, журавіны, буякі, брусніцы. Уся сабраная ў лесе прадукцыя павінна ў абавязковым парадку падвяргацца радыеметрычнаму кантролю.

І яшчэ хачу напомніць: згодна з даследаваннямі падворкаў у сельскіх населеных пунктах найбольш “бруднымі” месцамі з’яўляюцца:

– печы (попел) пры выкарыстанні дроў з павышаным утрыманне радыенуклідаў, якія нарыхтаваны на ўчастках лесу, дзе забаронена рубка. Для зніжэння радыеактыўнага фону ў памяшканні неабходна часцей прачышчаць печы і дымаходы.

Крыніцай паступлення радыеактыўных рэчываў у жылыя і вытворчыя памяшканні з’яўляецца:

– пыл, які паступае праз вокны і дзверы з атмасферным паветрам;

– дровы або торф пры ацяпленні;

– брудныя абутак і адзенне;

– бытавыя прадметы, уносімыя з вуліцы без папярэдняй ачысткі і г.д.


В. БЕЛАШ, інжынер-радыёлаг ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *