Праўда — залог законнага і справядлівага правасуддзя


Яшчэ ў перыяд з’яўлення і станаўлення чалавечай цывілізацыі лжэсведчанне лічылася не толькі грахом, але і злачынствам. Адказнасць за такое правапарушэнне была прадугледжана і Статутамі Вялікага  княства Літоўскага 1529, 1566 і 1558 гг. У Саборным улажэнні Расіі 1649 года злачынствамі супраць парадку кіравання прызнаваліся “паклёпніцтва” (г.зн. ілжывае абвінавачванне), прынясенне ў судзе лжывай прысягі, дача лжывых паказанняў сведкаў. Ілжэпрысяга ў судзе па Артыкулу воінскаму Пятра І 1715 года каралася адсячэннем двух пальцаў і катаргай.

Дзеючым заканадаўствам устаноўлены абавязак сведкі праўдзіва паведамляць усё яму вядомае і адказаць на пастаўленыя пытанні. За парушэнне абавязку гаварыць праўду і спробу ўвесці ў зман суд або іншыя дзяржаўныя органы пры выкананні працэсуальных дзеянняў прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Так, у адміністрацыйным працэсе заведама лжывае тлумачэнне сведкі або пацярпеўшага і свядома лжывая заява аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння цягне пакаранне ў адпаведнасці з арт. 24.4 КаАП Рэспублікі Беларусь у выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. У выпадку адмовы або ўхілення без уважлівых прычын сведкі або пацярпеўшага ад дачы тлумачэнняў па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні арт. 24.5 названага кодэкса прадугледжвае штраф у памеры ад 8 да 30 базавых велічынь.

Заведама лжывае паказанне сведкі або пацярпеўшага ў судзе пры разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў, або пры правядзенні папярэдняга следства, або дазнання ў адпаведнасці з арт. 401 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь цягне пакаранне ў выглядзе штрафу або папраўчых работ на тэрмін да 2 год, або арышту на тэрмін да 6 месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да двух год. Калі ж хлусня прывяла да абвінавачвання нявіннага ў цяжкім або ў асабліва цяжкім злачынстве, або была звязана са штучным стварэннем доказаў абвінавачвання, а таксама калі падкуплены пацярпеўшы або сведка хлусіў з карыслівых пабуджэнняў, магчыма максімальнае пакаранне да 5 год пазбаўлення волі.

Заведама лжывы данос аб здзяйсненні злачынства ў адпаведнасці з арт. 400 Крымінальнага кодэкса караецца таксама аж да 5 год пазбаўлення волі.




Калі чалавек увесь аддаецца хлусні, яго пакідаюць розум і талент.  В. Бялінскі.



Адмова або ўхіленне сведкі або пацярпеўшага ад дачы паказанняў без уважлівых прычын у судовым пасяджэнні пры разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў або пры правядзенні папярэдняга следства, або дазнання таксама прызнаецца злачынствам ( арт. 402 Крымінальнага кодэкса). Разам з тым у арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што ніхто не павінен прымушацца да дачы паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родзічаў. Таму сам прыцягваемы да суда не нясе адказнасць за дачу заведама лжывых паказанняў, у тым ліку калі імкнецца сябе абяліць. Але трэба ведаць, што абгавор другога чалавека з мэтай самому ўхіліцца ад адказнасці, а таксама з мэтай прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці, ведаючы, што ён злачынства ў сапраўднасці не здзяйсняў, расцэньваецца як заведама лжывы данос.

Не наступае адказнасць за адмову або ўхіленне ад дачы тлумачэнняў супраць членаў сваёй сям’і і блізкіх родзічаў. Аднак калі чалавек згадзіўся даваць тлумачэнні, ён ужо абавязаны гаварыць праўду.

У пракурорска-следчай практыцы часта сустракаюцца такія выпадкі, калі сведка, стараючыся дапамагчы сябру або знаёмаму, або нашкодзіць свайму ворагу, паведамляючы, або заяўляючы заведама лжывыя звесткі, або даючы паказанні, хаця і папярэджаны аб адказнасці, не ўсведамляе супрацьпраўнасці сваіх дзеянняў, адносіцца да іх лёгкадумна. У сувязі з гэтым сказанае вышэй не толькі пазнавальна, але і карысна для грамадзян, якія вырашаюць для сябе пытанне – ілжэсведчыць або заставацца выключна сумленным перад сабою, іншымі і законам.


А. СПАСЮК,
старшы памочнік ваеннага пракурора па нагляду за законнасцю на Дзяржаўнай граніцы і ў органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *