Як прыклад для пераймання


Адбыўся раённы семінар-вучоба на тэму “Арганізацыя інфармацыйна-ідэалагічнай, выхаваўчай работы на прадпрыемстве як важнейшая ўмова паспяховага развіцця грамадства”. Удзел у мерапрыемстве прымалі намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна па ідэалагічнай рабоце, а таксама спецыялісты і ўваходзячыя ў раённы рэзерв кадраў ідэолагаў.


ПУП “Палескія сыры” месцам правядзення семінара выбрана невыпадкова: на прадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для працуючых дзеля развіцця іх творчых здольнасцей і працоўнага патэнцыялу. У гэтым удзельнікі семінара змаглі ўпэўніцца увачавідкі, наведаўшы вытворчыя падраздзяленні, лабараторыю, сталовую, музей, бытавыя памяшканні.

Больш падрабязна аб праводзімай інфармацыйна-ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце гаварыла на пленарным пасяджэнні старшыня прафсаюзнага камітэта “Палескіх сыроў” Г.Л. Вяргейчык.

– Сёння пры жорсткай канкурэнцыі, ва ўмовах барацьбы за выжыванне  малочная галіна перажывае не лепшыя часы, – падкрэсліла Ганна Леанідаўна. – Аднак нягледзячы на гэта ў сябе на прадпрыемстве мы змаглі стварыць здаровы мікраклімат, што садзейнічае дасягненню высокіх вытворчых паказчыкаў, выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі. Як бы ні гаварылі, што работа з людзьмі – самая цяжкая праца, аднак калі бачыш яе вынікі, то разумееш, што на клопат і ўвагу людзі чулыя і адказваюць адпаведна.

Дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар прытрымліваецца стратэгіі дзелавога ўдасканальвання  дзеля задавальнення ўмоў для персаналу. Іншымі словамі кажучы, каб чалавек мог добра, якасна працаваць, ён павінен добра адпачываць. Дзеля гэтага абсталяваны на прадпрыемстве пакой для гульні ў більярд, устаноўлены два тэнісныя сталы, трэнажоры, бегавая дарожка, велатрэнажор. У кожным вытворчым падраздзяленні абсталяваны ўтульныя пакоі адпачынку для працуючых. Зусім нядаўна закуплены новы спартыўны інвентар: эспандэр, гіра, лаўка для адціскання прэса.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца прывіццю навыкаў здаровага ладу жыцця. Праводзяцца лекцыі аб шкодзе п’янства і курэння, аб навыках правільнага харчавання і г.д.  На прадпрыемстве працуе кабінет масажу, два разы на тыдзень прыём жанчын ажыццяўляе ўрач-гінеколаг.

Для ўмацавання імунітэту работнікаў быў створаны фітабар, дзе прапануюцца вітамінізаваныя напіткі, а ў кожным вытворчым падраздзяленні ўстаноўлены кулеры з вадой, якая здабываецца са свідравін.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням выхавання і станаўлення моладзі. З уноўпрынятымі маладымі спецыялістамі праведзены вечар-знаёмства з калектывам, працоўным распарадкам  прадпрыемства. З мэтай азнаямлення з Хойнікшчынай для іх праведзены экскурсіі ў музеі імя І.П. Мележа і “Трагедыя Чарнобыля”, раённы краязнаўчы музей.

Калектыўным дагаворам прадугледжана для маладых спецыялістаў пры прыёме на работу адзінаразовая выплата ў памеры адной тарыфнай стаўкі. Усе маючыя патрэбу ў жыллі забяспечваюцца добраўпарадкаваным інтэрнатам, а плата за пражыванне з іх бярэцца за час абавязковай адпрацоўкі ў памеры 50 працэнтаў.

Маладых спецыялістаў прыцягваюць да ўдзелу ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах. Выдатна яны сябе паказалі сёлета ў маі ў час правядзення абласнога агляду самадзейнай мастацкай творчасці: сярод дзевяці калектываў прадпрыемстваў малочнай галіны “Палескія сыры” занялі другое месца.

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Ж.М. Чарняўская, у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы за 2008 год ПУП “Палескія сыры”, апярэдзіўшы гігант індустрыі Гомельшчыны – ВА “Гомсельмаш”, выйшлі пераможцам. І тут многае ўдзельнікам семінара можна ўзяць як кіраўніцтва да дзеянняў у плане арганізацыі ў сваім працоўным калектыве інфармацыйна-ідэалагічнай, выхаваўчай работы.

Ж.М. Чарняўская выступіла перад прысутнымі з дакладам “Бягучыя задачы і стратэгічныя мэты развіцця беларускага грамадства”, агучыла важнейшыя раздзелы і палажэнні Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, расказала, як павінна весціся ідэалагічная работа ў працоўных калектывах у кантэксце Паслання кіраўніка дзяржавы.

На семінары вялася размова аб падрыхтоўцы да святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аб правядзенні раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Веліч роднай зямлі”.

Удзельнікі семінара-вучобы прынялі ўдзел у анкетаванні на тэму пастаноўкі ідэалагічнай работы ў раёне, ім раздадзены метадычныя матэрыялы, выкарыстанне якіх дапаможа ў паўсядзённай выхаваўчай працы.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *