Пяці работнікам сельскагаспадарчай галіны раёна мы задалі пяць пытанняў аб галоўным.
1. Чаму сярод сотні іншых Вы выбралі менавіта гэты шлях – сельскую гаспадарку?
2. Якім выдаўся гэты год – у прафесіі і ў асабістым жыцці?
3. Прадоўжыце, калі ласка, сказ: галоўнае ў маёй прафесіі – гэта…
4. Раскажыце пра свой тыповы працоўны дзень.
5. Хто Вас віншуе з гэтым святам і каго віншуеце Вы?
Аляксандр Бельчанка, в.а. дырэктара ААТ «Хойніцкі Аграсервіс»:
1. Як бы гэта ні прагучала, аднак думаю таму абраў гэты шлях, што душа ляжала непасрэдна да гэтай сферы дзейнасці. Хаця ў сям’і і няма родзічаў, чыя дзейнасць звязана з сельскай гаспадаркай.
2. Год быў і складаным, і цікавым. У гэтым годзе кардынальна змяніў работу: не так даўно ўзначаліў калектыў «Аграсервісу». Новыя задачы, новыя абавязкі. Адначасова і складана, таму што кола абавязкаў вялікае і адрозніваецца ад папярэдняй работы, і цікава, таму што многае патрэбна спасцігаць, унікаць. Значныя перамены і ў сям’і: жонка Алена падарыла другую дачушку. Старэйшай Соф’і 5 гадоў, Аляксандры хутка будзе 3 месяцы. Таму радуюся кожнаму моманту, які праводжу з сям’ёй.
3. …гэта ўвага да людзей і настрой на прадуктыўную работу. Яна, работа сама не паробіцца, яе выконваюць людзі. Таму толькі на іх уся надзея і разлік.
4. Пад’ём у 4 (калі на ферму патрэбна ехаць) або 5 гадзін. Планёрка ў 7 раніцы і за справы: палі, фермы, людзі, праблемы, планы і задачы. У канцы рабочага дня «разбор» бумаг і пошты. А потым можна і дадому, зараз у 7-7.30 гадзін вечара, летам, вядома, значна пазней.
5. Мяне са святам віншуе мая сям’я, а я віншую калег, калектыў.
Вольга БЕЛАШ.
Галіна Кучарава, інжынер па ахове працы КСУП «Судкова»:
1. Працую ў галіне сельскай гаспадаркі з 1981 года. Спачатку ў калгасе імя Калініна, а пасля яго аб’яднання ў 2012 годзе – у КСУП «Судкова». Працавала кадравіком, намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце і вось ужо тры гады – інжынер па ахове працы. Дарэчы, у меня дзве адукацыі – аграном і юрыст. Але, як «акунулася» тады ў паўсядзённыя клопаты ў гаспадарцы, так да гэтага часу і не магу з імі развітацца. Прыкіпела, як кажуць, сэрцам.
2. Калі браць работу, год быў не самым лёгкім. Было ўсё, як добрыя, так і сумныя моманты. А ў жыцці… Самае галоўнае, што ўсе жывыя і здаровыя, у дзяцей усё добра і любімыя ўнукі, якіх у мяне сямёра, радуюць сваімі поспехамі.
3. …жыццё і здароўе работнікаў прадпрыемства.
4. Ахова працы – гэта вельмі важна, але менавіта з выразам «ахова працы» хочацца трохі паспрачацца, бо ён не зусім дакладны. Канчатковая яго задача – ахова чалавека. Я стараюся трымаць абстаноўку ў гаспадарцы пад пільным кантролем. У КСУП «Судкова», на жаль, ёсць «гора-працаўнікі», абавязаныя асобы, з якімі мне і прыходзіцца змагацца, рабіць ім «прышчэпку адказнасці» за свой лёс. Праводжу растлумачальную работу. У полі зроку і прафілактыка няшчасных выпадкаў у структурных падраздзяленнях. Таксама прымаю ўдзел у пасяджэннях камісіі па праверцы ведаў па ахове працы, сматравых камісіях, планёрках сельсавета і інш.
5. Віншуюць родныя і, вядома ж, калегі. А я віншую, перш за ўсё, сваю матулю Юлію Мікалаеўну Чэркас, якая прысвяціла рабоце ў сельскай гаспадарцы больш за 45 гадоў і ўсіх працаўнікоў прадпрыемства.
Алена СМУСЯНОК.
Аляксандр Кардаш, аграном-аграхімік КСУП «Веляцін»:
1. Пра што, як не пра працу на вёсцы, мог марыць вясковы хлопчык? Многія гарадскія дзеці жадаюць быць праграмістамі, дыпламатамі, а мы больш прыземленыя. Нарадзіўся я ў вясковай сям’і ў Паселічах. Бацькі ўсё жыццё працуюць у сельскай гаспадарцы, іх дарогу абралі і мы з сястрой. Я вучыўся ў Калінкавіцкім аграрным каледжы, аднак у горадзе не затрымаўся – душа рвалася дадому, да родных хат і ніў. Пяць гадоў працую ў гаспадарцы, як і ў любой іншай, у нашай прафесіі ёсць пэўныя цяжкасці, але і свая рамантыка. Вельмі захапляюся нашай прыродай.
2. Гэты год выдаўся неблагім. Канешна, яркай падзеяй стала тое, што мы з маім напарнікам Андрэем Краўчанкам былі першымі камбайнерамі-тысячнікамі ў раёне (летам я працаваў на камбайне). Жніво для мяне – заўсёды напружаны час, нават па начах спаць не магу. Прыемна было, што прама ў полі нас віншаваў старшыня райвыканкама і самадзейныя артысты.
У асабістым жыцці нічога асаблівага за год не адбылося. Толькі набылі новую машыну. А так як і ва ўсіх людзей: дом-работа-дом. Дзякуй жонцы за тое, што з разуменнем ставіцца да майго працоўнага графіку.
3. …любіць тое, чым займаешся. Жыццё бывае поўным тады, калі любішь сваю работу, кожны раз ідзеш на яе з задавальненнем. Тады і настрой цудоўны, і сіл на ўсё хапае. Важна ўсё рабіць у першую чаргу, як дзеля сябе. А сабе ж кепска не зробіш.
4. Вядома, што наша работа змяняецца ў залежнасці ад сезону, але большую частку года мой працоўны кабінет – палеткі. У першую чаргу я адказны за прымяненне ўгнаенняў і сродкаў абароны. Кожны працоўны дзень не падобны на папярэдні. Нават зімой не да адпачынку. У гэты час вядзецца работа па дакументацыі ўжо на будучы год. Неапісальныя ўражанні атрымліваеш вясной, калі можна выехаць у поле, назіраць, як прарастаюць каласы, а ў сярэдзіне лета сарваць саспелы колас і ўбачыць на далоні вынік нашай агульнай працы.
5. У першую чаргу калег, у нас выдатны калектыў. З многімі добра сябруем. А таксама віншую бацькоў, сястру і яе мужа. Люблю гэта свята, бо яно нас, вяскоўцаў, яднае. Пасля напружанага сельскагаспадарчага года вясковыя працаўнікі заслугоўваюць увагу і шчырых слоў падзякі. І таму для мяне гэта яшчэ адна нагода падзякаваць людзям, з якімі працую побач. Прыемна, што нас заўсёды віншуе дырэктар сельгаспрадпрыемства, а на гэтым тыдні арганізавалі цудоўнае свята для нашага калектыву. Акрамя таго, заўсёды радуе мяне ў гэты дзень мая сям’я.
Наталля РЭВЯКА.
Уладзімір Фешчанка, механізатар КСУП «Аравічы»:
1. Колькі сябе памятаю, заўсёды прыцягвала да сябе тэхніка, вялікія трактары і камбайны. Зачароўвала вясковая рамантыка: палі, лугі і лясы. Вырашыў сумясціць прыемнае з карысным.
2. Як у прафесійным, так і ў асабістым жыцці год выдаўся досыць стабільным. Хацелася б, вядома, значна больш часу праводзіць з сям’ёй, але тэхніка сама сябе ў гаспадарку або ў поле не завязе і працу не зробіць, хоць прагрэс і не стаіць на месцы.
3. …быць прафесіяналам, а не проста аматарам. Вядома, неабходна не проста любіць сваю справу, але таксама ведаць усе тонкасці і прынцыпы працы тэхнікі, не наносячы шкоду ні гаспадарцы, ні навакольнаму асяроддзю.
4. Пад’ём у 3.30, пасля чаго ў 4 гадзіны раніцы прыводжу корм жывёле. Далей запраўка тэхнікі, а ў 11.00 паўторнае кармленне жывёлы. Паміж кармленнем звычайна ажыццяўляем пагрузку і выгрузку ўгнаенняў, чыстку тэрыторый. Работы хапае. У 5 гадзін вечара чарговае кармленне, і прыкладна ў 19.30 заканчваецца працоўны дзень.
5. Гэтае свята традыцыйна збірае калегаў «па цэху» у адным месцы, дзе ўсе могуць удосталь нагаварыцца, падзяліцца перамогамі, дасягненнямі, асабістымі перажываннямі, і, вядома ж, адзін аднаго павіншаваць. Са святам мяне віншуюць не толькі калегі, а таксама родныя і блізкія, сябры.
Алег ЗУБОК.
Пётр Рашанок, заатэхнік МТК «Тунеўшчына» КСУП «Імя І.П. Мележа»:
1. Заўсёды клапаціўся аб жывёлах, бацькам часта дапамагаў па гаспадарцы. Зараз я трымаю толькі свіней, раней і карова была. Вырас і жыву ў аграгарадку Глінішча, таму яшчэ ў дзяцінстве вырашыў, што абавязкова звяжу сваё жыццё з гэтай сферай.
2. Вельмі насычаным і адначасова цяжкім. Бо ў свае 24 гады на мяне «звалілася» шмат новых абавязкаў. Вось як месяц працую на пасадзе заатэхніка, тры гады быў жывёлаводам у гаспадарцы. Зразумела, задаволены, што падняўся па кар’ернай лесвіцы. Але адказнасці стала ў разы больш.
Дарэчы, я яшчэ халасцяк, таму ў пошуках дзяўчыны сваёй мары.
3. …любоў да сваёй справы. Сапраўды, без гэтага немагчыма дабіцца прафесійных вяршынь. А яшчэ важна прыходзіць на работу толькі ў добрым настроі, нават калі на гадзінніку пяць раніцы.
4. Працоўны дзень пачынаецца з першай дойкай, а заканчваецца ў 18.00. Ад мяне штодня залежыць каб ні адна карова не засталася галоднай, а заўсёды была накормленай. Таму я распрацоўваю кармавыя праграмы, кантралюю якасць прадукцыі. Гляжу, каб работнікі былі на працоўным месцы і належна выконвалі свае абавязкі.
5. Брат Віталій заўсёды мяне першым віншуе з прафесійным святам. Ён таксама працуе ў гэтым сельгаспрадпрыемстве, толькі камбайнерам. Дарэчы, яшчэ і нявестка Ганна раней працавала ветурачом у гаспадарцы, зараз яна знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём. Шчыра кажучы, гэта адно з маіх любімых свят у годзе.
Вікторыя МАРОЗ.