Пра цудоўныя мележаўскія мясціны – вёску Каранёўка, я пісала пяць гадоў таму. Хаця здаецца было гэта толькі ўчора.
Добра памятаю, як мяне гасцінна прымалі каранёўцы, як мы доўга «гаманілі» аб жыцці-быцці і як я вельмі захаплялася іх любові да роднай вёсачкі. І, ведаеце, раптам так засумавала па «людзям на балоце», так «пацягнула» мяне да іх, хацелася даведацца, як справы, ды проста пабачыцца. Успаміны пра многіх герояў публікацый доўга жывуць у журналісцкай душы. Каранёўцы сапраўды «запалі» ў маю.
Едзем. Мінаем векавую прыгажуню-грушу каля дарогі. Менавіта тую, пад якой Іван Мележ «прызначаў» спатканні сваёй куранёўскай парачцы – Васілю і Ганне. Заўсёды, калі тут бываю, уражваюся таму, як жыхары нашага раёна патрапілі ў кнігу і сталі вядомымі на ўвесь свет.
Прыбыўшы на месца, накіроўваюся ў знаёмую хату, дзе жыве Васіліна Жолуд. Тут як раз «сходка» аднавяскоўцаў – чакаюць аўталаўку. Усяго ў Каранёўцы засталося чацвёра жыхароў. Усе яны мясцовыя і, нягледзячы на тое, што рака жыцця вёскі мяльчае, яны не пакідаюць такія дарагія сэрцу мясціны.
– Мае дзеці мяне «рвуць»: адно да сябе кліча жыць, другое да сябе. У мяне іх пяцёра, таму выбар вялікі, але я не хачу пакідаць роднай хаты, – гаворыць Васіліна Алексееўна.
– О! Якая раней вёска была: магазін, школа, ферма… Усе хлопцы з Дворышча да нас гуляць хадзілі, – далучаецца да размовы Любоў Рыгораўна.
– Клуба тут не было – для танцаў «наймалі» хату. Колькі люду збіралася! Як добра гулялі! Маленькае сяло было, але вельмі дружнае. А колькі раней на вячорках дзеўкі пралі, шылі і плялі! А як працавалі ўсе добра. Я як пракашу касой, дык нават мужыкі здзіўляліся, – таксама акунулася ў настальгію бабуля Васіліна.
– А стравы якія ў печы гатавалі! Ні ў адной кандытарскай цяпер такога не знойдзеш. Грыбочкі, трубачкі, ружанькі – чаго толькі ні выпякалі.
– А мае дзеці і ўнукі любяць прыязджаць да меня на аладкі. Кажуць, больш такіх смачных нідзе не спрабавалі. Маўляў, у бабулі асаблівы смак атрымліваецца, – дадае Лідзія Міхайлаўна.
Дарэчы, Лідзія Шаўчэнка адзіная, хто трымае гаспадарку (астатнія толькі курачак) каня Кузю, козачак, агарод садзіць – і ўсё сама. Дзеці, канешне, прыязджаюць, дапамагаюць, але штодзённыя клопаты ўсё роўна на ёй. Аднак бабуля гаворыць, што справы дапамагаюць хоць крыху «адганяць» сумныя думкі.
У мінулы раз я рабіла такія каларытныя здымкі – дзвух шчаслівых пар, каханню і ўзаемапавагі якіх можна было шчыра пазайздросціць. Але, на вялікі жаль, ужо не стала Васілія Жолуда і Аляксандра Шаўчэнкі. І калі бачыш на вачах гаспадынь слёзы, немагчыма стрымліваць эмоцый. У такія хвіліны шмат пераасэнсоўваеш.
Хутка Новы год, хочацца пажадаць, каб на вашым жыццёвым шляху, паважаныя хайнічане, сустракаліся выключна добрыя і чулыя людзі. Такія вось, як гэтыя каранёўцы, з якімі добра і пагутарыць, і памаўчаць. Якія кожны раз так душэўна сустракаюць, і шчодра дзеляцца цяплом сваіх сэрцаў. Няхай ва ўсіх вас будзе больш цеплыні, хатняй утульнасці, любові і нагод для радасці. Напэўна яшчэ рана для навагодніх віншаванняў, але гэта паездка натхніла на гэтыя словы.
Тэкст і фота Наталлі РЭВЯКА.