Прынята Палажэнне аб правядзенні раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод працоўных калектываў Хойніцкага раёна “Веліч роднай зямлі”, прымеркаванага да 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Года роднай зямлі.
Мэты і задачы гэтага мерапрыемства даволі маштабныя: захаванне і прымнажэнне духоўнага і культурнага здабытку; захаванне гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў краіны, самабытных традыцый беларускага народа, выхаванне моладзі ў духу любві да Айчыны; павышэнне мастацкага ўзроўню народнай творчасці, яго ўздзеяння на грамадскую і працоўную актыўнасць насельніцтва раёна; арганізацыя вольнага адпачынку жыхароў.
Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Хойніцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел райвыканкома па справах моладзі і РК ГА “БРСМ”, арганізатар конкурсу – аддзел культуры райвыканкома.
На агляд-конкурс прадстаўляецца праграма мастацкай самадзейнасці, якая складаецца па жанрах вакалу (харавыя калектывы, вакальныя ансамблі, салісты, аўтарская і бардаўская песні), харэаграфіі (народны, эстрадны, бальна-спартыўны танец, брэйк-данс), тэатральна-літаратурным ( дэкламатары, аўтары-выканальнікі, калектывы), інструментальнага і іншых жанраў. Адпаведна гэтаму будуць вызначаны лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці і асобныя выканаўцы.
Старт агляду-конкурсу быў дадзены ў суботу, 6 чэрвеня. Мерапрыемства праходзіла на адкрытай пляцоўцы каля Дома культуры “Меліяратар” і сабрала вялікую колькасць гледачоў розных узростаў.
На сцэне першымі дэманстаравалі сваё выканаўчае майстэрства 14 калектываў агульнаадукацыйных устаноў і дзіцячых садоў раёна. Ацэньвала выступленні журы ў саставе старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкінай, намесніка старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнкі, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Л.В. Няволінай, в.а. начальніка аддзела культуры райвыканкома Н.У. Ешчанкі, выкладчыцы дзіцячай школы мастацтваў А.А. Малашкінай, мастацкага кіраўніка ГЦКіС Л.У. Краўчанкі.
Больш чым за тры гадзіны перад вачамі гледачоў прайшоў вялікі калейдаскоп рознажанравых нумароў у выкананні сейбітаў разумнага, добрага, вечнага. Кожны працоўны калектыў прадставіў сваю арыгінальную праграму.
– Гэты агляд-конкурс завершыцца 4 ліпеня вялікім гала-канцэртам, – адзначыла Г.М. Рабінкіна. – У ім прымуць удзел лепшыя з лепшых аматараў самадзейнай мастацкай творчасці.
Намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка адзначыў, што нездарма першым было прадастаўлена права выступіць работнікам адукацыі: нашы педагогі не толькі выдатна працуюць, але і вызначаюцца высокім выканаўчым майстэрствам.
А самае галоўнае, як адзначалі прысутныя, быў атрыманы зарад весялосці і бадзёрасці на доўгі час.
Клаўдзія БОСАК.
На здымку: выступаюць самадзейныя артысты дзіцячага сада № 5 г. Хойнікі.