На гэтым тыдні журналіст «раёнкі» пабываў у двух рэйдах разам з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі.
Пад час першага, удзел у якім прымаў таксама спецыяліст «Белтэхагляда», мы высвятлялі, колькі хойніцкіх вадзіцеляў ездзіць па вуліцах горада без тэхагляду, пры гэтым асаблівая ўвага надавалася маршрутным транспартным сродкам. А ў другім рэйдзе «дзяжурылі» на чыгуначным пераездзе, сочачы за тым, ці ўсе перасякаюць яго па правілах.
Ні для каго не сакрэт, што некаторыя ўладальнікі транспартных сродкаў ігнаруюць праходжанне працэдуры тэхагляду. І звязана гэта з неабходнасцю аплаты так званага дарожнага збору.
«Сапраўды, многія аўтаўладальнікі спасылаюцца на фінансавыя цяжкасці, – адзначыў інспектар дарожна-патрульнай службы Валянцін Штыхноў. – Аднак уласная бяспека не вымяраецца ніякімі грашыма. Да таго ж вадзіцелі павінны памятаць пра штрафы за язду без тэхагляду: у першы раз прадугледжана папярэджанне або штраф у памеры ад 1 да 3 базавых велічынь (ад 25,5 да 76,5 руб.), за паўторнае парушэнне на працягу года – ад 2 да 5 базавых велічынь (ад 51 да 127,5 руб.)».
Наклейка на лабавым шкле машын візуальна падказвае, што аўтамабіль прайшоў тэхагляд у бягучым годзе. За гадзіну сумеснага рэйду супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі было спынена 18 аўтамабіляў, тры з якіх не мелі дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.
«Так можа лепш усё ж адзін раз у год заплаціць дзяржпошліну і прайсці тэхагляд, тым самым здабыўшы ўпэўненасць у спраўнасці свайго транспартнага сродку і зэканоміўшы грошы на штрафах, чым ездзіць у пастаянным напружанні? Гэта ж наша бяспека, наша здароўе, наша жыццё», – гаворыць інжынер па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху «Белдзяржагляду» Аляксандр Варабей.
Учас правядзення рэйду таксама правяралі гарадскія аўтобусы, маршруткі і таксі: колькасць сядзенняў, наяўнасць тэхагляду, выкананне правіл дарожнага руху, тэхнічны стан, дакументацыю і меры бяспекі. Большасць з правераных вадзіцеляў выконвалі правілы перавозкі пасажыраў, а тым, хто аказаўся не дысцыплінаваным, было ўказана на парушэнні. Да нараканняў «прыклаліся» хаця і мінімальныя, але штрафы. Акрамя таго, з усімі правялі тлумачальныя гутаркі.
Другі рэйд быў накіраваны на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў на чыгуначных пераездах. «Дзяжурылі» на адзіным пераездзе ў горадзе – каля так званага «кальца». Ён выкарыстоўваецца для грузаперавозак, шлагбаўма, святлафора і сігналізацыі няма, але, канешне, абсталяваны папераджальнымі дарожнымі знакамі. І як высветлілася, іх вадзіцелі не ігнаруюць, па меншай меры, у час нашай праверкі такія не «папаліся». Было відаць па ўсяму, што ніхто не рызыкаваў спадзявацца на «авось», нягледзячы нават на зачыненыя вароты, – пераязжалі акуратна і ўважліва. Спыняць нікога не давялося. Але ДАІ нагадвае, што штраф за парушэнне правілаў праезду чыгуначнага пераезду складае ад двух да чатырох базавых велічынь.
А закончым гэтую публікацыю словамі начальніка аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Анатолія Кулакоўскага: «Вадзіцелі, памятайце: машыну можна паправіць, але Бог не стварыў запасных частак для чалавека».
Добрых вам дарог!
Тэкст і фота Наталлі РЭВЯКА.