Хто асабіста знаёмы з Васіліем Каральчуком, той ведае, што ён за чалавек.
Добразычлівы, адказны, справядлівы, кампрамісны, інтэлігенты. Ніколі дрэннага слова не пачуеш у яго адрас ад людзей, толькі пашана і падзяка за работу. Пры яго дванаццігадовым кіраўніцтве КСУП «Імя І.П. Мележа» займала вядучыя пазіцыі ў раёне. Агульны стаж у сельгаспрадпрыемстве складае амаль паўвека: ад галоўнага ветурача вырас да ўпраўленца. А з 2017 года Васілій Каральчук працуе ў Глінішчанскай школе загадчыкам гаспадаркай. Па-ранейшаму, ні хвіліны пакою.
– Чаму навучыліся на палях і фермах раёна?
– Ведаеш, жыццю навучыўся. Калі назначылі дырэктарам гаспадаркі, то асабліва цяжка было мне пачынаць (ветурачом лягчэй працавалася, адчуваў сябе на сваім месцы). Думаў, што не спраўлюся, нічога не атрымаецца. Нават не хацеў згаджацца на такую высокую пасаду, перажываў, што падвяду калектыў. Аднак, я рукі ніколі не апускаў, стараўся. Не ішоў на планёрку пакуль раніцай не аб’езджу ўсе фермы, каб паглядзець як праходзіць дойка, спытаць, якія праблемы хвалююць жывёлаводаў. А калі ўборка ўраджаю пачыналася – на палях быў частым госцем. На мой погляд, кожны кіраўнік штодня павінен кантраляваць не толькі рабочы працэс, але і цікавіцца, як справы членаў калектыву. Інакш я не мог. Зразумела, гэта прыносіла добрыя вынікі. Прыемна было пожынаць плён сумеснай работы.
– Звальнялі каго-небудзь?
– На жаль, прыходзілася. Усяго зволіў трох спецыялістаў, але яны зусім не жадалі працаваць. Такія работнікі гаспадарцы былі не патрэбны.
– Адукацыя?
– У мяне вышэйшая адукацыя. Закончыў Маскоўскую ветерынарную акадэмію імя К.І. Скрабіна. А школу, дарэчы, з пахвальным лістом і тэхнікум з чырвоным дыпломам закончыў.
– Любімая фраза?
– Лепш усё умець і ведаць, як гэта рабіць, але менш рабіць (але гэта да мяне не адносіцца). Я працаголік, вясковы мужчына, які трымае свіней. І карову ўмею даіць, і дровы рубаць, і пахаць.
– Дзе душа адпачывае?
– У беларускіх санаторыях. Ох, гэта для мяне – найлепшы адпачынак, маляўнічая прырода, свежы водар, лячэбныя працэдуры – тое, што мне неабходна. Адны з любімых здраўніц «Нарач», «Чонкі», «Сасновы Бор», «Срэбраныя ключы», «Чыгуначнік».
Побач з каханай жанчынай Святланай. Люблю калі ў госці прыязджае дачка Ірына. Радасць прыносяць унукі, якіх у мяне чацвёра, Даша і Вася яшчэ школьнікі, Наташа ў Гомельскім медуніверсітэце вучыцца, Насця працуе стаматолагам.
– Якую кнігу параіце чытачам?
– Беларускі пісьменнік-самародак Віталій Кулік напісаў раман «Ведьма полесская» і атрымаў за яго літаратур-ную прэмію Кірылы Тураўскага. Сюжэт там дынамічны, гэта кніга аб каханні і нянавісці, з элементамі народнага гумару і містыкі.
Вікторыя МАРОЗ. Фотоа аўтара.