Лік не па гульні

Спорт

Мінулай восенню каманда нашага раёна стала мацнейшай сярод калектываў другой лігі першынства Гомельскай вобласці па футболу і заваявала права на выступленне ў групе мацнейшых. Першая абласная ліга, якая афіцыйна лічыцца трэцяй лігай нацыянальнага чэмпіянату краіны, стартавала ў мінулую суботу. У 14-туравы марафон 6 чэрвеня адправіліся каманды “Футбольны клуб “Хойнікі”, “Нафтавік” і “Ведрыч-97-ДЮСШ Крышталь” з Рэчыцы, мазырскія “Нафтаперапрацоўчы завод” (МНПЗ), “Палессе” (Козенкі) і “Гомельчыгункадартранс”, “Днепр-ДЮСШ” з Рагачова і “Гомельшкло” з Касцюкоўкі Гомельскага раёна.

Каляндар не быў літасцівым да футбалістаў ФК “Хойнікі” і ўжо ў першым туры на рэчыцкім стадыёне “Рытм” нашу каманду чакалі чэмпіёны вобласці трох апошніх гадоў – футбалісты “Нафтавіка”. Як і належыць фаварытам, гаспадары поля адразу ўзялі гульнявыя лейцы ў свае рукі і доўгі час валодалі ініцыятывай. Аднак бездакорна дзейнічала абарончая лінія хайнічан і варатар Аляксандр Гарбаты. Наш 37-гадовы галкіпер яўна раўняецца на прыклад сваіх больш вядомых і ўзроставых калег – Лемана, ван дэр Саара і добрай памяці Алівера Кана, які толькі летась у амаль 40-гадовым узросце завяршыў сваю варатарскую  кар’еру. Гэтак жа, як варатарскія свяцілы ў Еўропе, Аляксандр неаднаразова тварыў цуды на стадыёне ў Рэчыцы. Нездарма пасля гульні трэнер “Нафтавіка”, добра вядомы хойніцкім балельшчыкам па выступленнях за нашу “Фартуну” ў трэцяй лізе беларускага чэмпіянату Андрэй Буглак (дарэчы, у гульнявым мінулым – таксама варатар), захоплена паціснуў руку свайму ранейшаму напарніку.

А калі футбалісты спакойныя за свой тыл, то заўсёды з’яўляецца шанц узяць сваё і ў атацы. І такія шанцы ў нашай каманды на “Рытме” былі. Самы ж рэальны з іх – удар галавой, які пасля аднаго са стандартаў у прыгожым скачку нанёс па варотах сапернікаў Дзяніс Раманоўскі. Аднак мяч толькі прымусіў зазвінець перакладзіну…

Прапусцілі ж мы тады, калі да выратавальнага свістка арбітра заставалася не больш чвэрці гадзіны і калі таксама пасля розыгрышу стандарта мяч здрадніцкі шмыгнуў у неабаронены вугал нашых варот – 0:1. Крыўдны лік не зусім па гульні, і больш справядлівым вынікам была б усё ж такі нічыя.

Наступную гульню ФК “Хойнікі” правядзе сёння ў Козенках. На сваім жа полі хайнічан мы ўбачым 20 чэрвеня, калі іх сапернікам стане мазырская каманда з лірычнай назвай “Гомельчыгункадартранс”.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *