Закон суровы, але ён — закон!


Іншы раз дзіву даешся, да якой нездаровай вынаходлівасці прыбягаюць людзі для таго, каб пазбегнуць адказнасці за свае ўчынкі. Вось адзін з прыкладаў.

Жыхар вёскі Казялужжа А.І. Фешчанка 3 красавіка бягучага года ў 22 гадзіны на ўласным аўтамабілі ГАЗ-3129 у стане алкагольнага ап’янення стаў віноўнікам сутыкнення з аўтамабілем “Шкода-Актавія” на трасе “Хойнікі-Калінкавічы”. Фешчанка выехаў на сустрэчную паласу, у выніку аварыі іншамарцы нанесены механічныя пашкоджанні. Для таго, каб пазбегнуць адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл дарожнага руху, а таксама матэрыяльнай адказнасці за пашкоджанне чужога аўтамабіля, Фешчанка з месца здарэння знік, пазваніў у дзяжурную часць РАУС і заявіў аб угоне яго транспартнага сродку. Па яго словах выходзіла, што менавіта невядомы ўгоншчык стаў віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння.

Пасля гэтага, ужо ў райаддзеле, будучы папярэджаным аб адказнасці за лжывы данос, тым не менш, напісаў пісьмовую заяву аб, быццам, здзейсненым угоне.

Аднак зваліць з хворай галавы на здаровую не атрымалася: факт угону аўтамабіля ў ходзе праведзенай супрацоўнікамі  аддзела праверкі не пацвердзіўся і А.І. Фешчанка павінен быў панесці адказнасць за заведама лжывы данос – злачынства, за якое можна атрымаць абмежаванне свабоды на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. І хаця з выхадам амністыі да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў крымінальная справа ў адносінах да А.І. Фешчанкі была спынена. Думаецца, што гэты выпадак павінен стаць перасцярогай для аматараў пісаць заявы ў міліцыю па неіснуючых злачынствах.

А вось жыхароў райцэнтра А.М. Кірпічэнку, М.А. Кутузава і М.Ю. Кураева пад манастыр падвяло імкненне пажывіцца дармавой ялавічынай. У лютым гэтага года гэтая троіца па папярэдняй змове ўкрала 180 кілаграмаў ялавічыны на  828 тысяч рублёў з тэрыторыі бойні АСП “Каапнарыхтпром”. Тым самым прадпрыемству былі нанесены матэрыяльныя страты.

У ходзе расследавання было таксама ўстаноўлена, што Кірпічэнка з’яўляецца не толькі аматарам дармавой ялавічыны, але не супраць ён і дармавога сыру “Эмілорд”, які краў па папярэдняй змове з майстрам-сыраробам ПУП “Палескія сыры” А.І. Лук’яненка са студзеня па люты бягучага года.

8 лютага 2009 года на крадзяжы чатырох галовак сыру “Сметанковы” агульнай вагой 31 кг 720 г папаліся зменны майстар М.Р. Дземідзенка, рабочыя прадпрыемства С.Я. Бяспалы і І.Я. Бяспалы. Тым самым ПУП “Палескія сыры” нанесены страты ў памеры 347302 рублёў.

Не то чакаючы атакі невядомых агрэсараў, не то для іншых мэт сапраўдны арсенал вогнестрэльнай зброі захоўваў дома ляснік Дубровіцкага лясніцтва ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” Г.М. Андаралаў. Затрымалі ваяўнічага жыхара вёскі Хвойная Паляна супрацоўнікі Лоеўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету 22 студзеня 2009 года ў лясным масіве непадалёку ад дома, калі той па яго словах “збіраўся накапаць чарвякоў для рыбалкі”.  Між тым, у аўтамабілі Андаралава быў знойдзены абрэз паляўнічай стрэльбы з аптычным прыцэлам, наразной устаноўкай у ствол калібру 12,8 мм і 5 патронаў да яго – дзіўныя прылады для капання чарвей…

Агляд месца здарэння паказаў, што да баявых дзеянняў бравы ляснік падрыхтаваўся грунтоўна – у доме захоўвалася безліч патронаў самага рознага калібру, вялікая колькасць састаўных частак вогнестрэльнай наразной зброі, яшчэ адна вінтоўка і пісталет. Зараз Г.М. Андаралаву давядзецца несці адказнасць за незаконнае набыццё, захоўванне і перавозку боепрыпасаў, вогнестрэльнай зброі, а таксама за незаконнае набыццё састаўных частак і кампанентаў вогнестрэльнай зброі.

Пакаранне за гэтае злачынства, якое лічыцца цяжкім, можа быць накладзена ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 і нават 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. “Закон суровы, але ён – закон” –  так сцвярджалі старажытныя рымляне. І з гэтым не паспрачаешся.


Л. КУПРЭЙЧЫК,
намеснік начальніка РАУС, начальнік папярэдняга расследавання, падпалкоўнік міліцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *