У доме яшчэ стаіць водар яловых галінак, вісяць гірлянды, мігаюць рознакаляровыя агеньчыкі. У паветры лунае казачны настрой. Не хапае толькі пухнатага снегу за акенцам для больш чароўнай атмасферы. Згодны са мной?
Калі надыходяць зімовыя святы, то першай справай сям’я хайнічан Ніны і Мікалая Шарамецьевых дастае скрынку. А ў ёй знаходзіцца нешта асаблівае, прыгожая крыніца гісторыі, тое, што ім вельмі дорага, тое, аб чым яны клапоцяцца і берагуць разам. Тое, што выклікае прыемныя эмоцыі і натхняе на ўспаміны. Сапраўдны рарытэт.
У кватэры Шарамецьевых ёсць часцічка мінулага, часцічка іх шчаслівага жыцця – гэта савецкія навагоднія цацкі – фігурныя шышкі, касманаўты, агурчыкі, Дзяды Марозы. Дзесьці больш за 50 штук у калекцыі, некаторым больш за паўвека «ад роду». Таму чым упрыгожваць елку на навагоднія святкаванні пытанне ніколі не стаіць. І так зразумела. Традыцыйна ў ход ідуць цацкі тых часоў, а не сучасныя. Кожная акуратна падвешана на нітачку.
Як падзялілася дачка калекцыянераў Алена: «Савецкія цацкі ствараюць нейкую душэўнасць, вяртаюць да вытокаў, пагружаюць да роздумаў, для бацькоў яны маюць вялікае значэнне. Іх яны не прададуць ні за якія грошы».
Каб цацкі не разбіліся, гаспадары перакладваюць іх ватай, так яны заўсёды ў цэласці.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота Алены ШАРАМЕЦЬЕВАЙ.