Вопыт, дастойны пераймання


Адбыўся выязны семінар Гомельскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз журналістаў” і Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ў Калінкавіцкім раёне па тэме: “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю”.

Удзельнікі мерапрыемства, якое адкрыў галоўны рэдактар газеты “Гомельская праўда”, старшыня абласной журналісцкай арганізацыі С. Бяспалы,  сабраліся ў зале пасяджэнняў райвыканкома і праслухалі інфармацыю старшыні Калінкавіцкага райвыканкома Я. Адаменкі аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Аб рабоце ўстаноў і арганізацый Калінкавіцкага раёна па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны паведаміла намеснік старшыні райвыканкома А. Клічкоўская.

Удзельнікаў семінара віталі галоўны рэдактар газеты “Калінкавіцкія навіны” І. Гарыст, старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” У. Гаўрыловіч, першы намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз журналістаў” Р. Сакалоўскі.

Затым адбыўся пераезд ва ўстанову адукацыі “Гімназія г. Калінкавічы” і наведванне ў ёй музея “Слаўныя жанчыны Калінкавіцкай зямлі”. Тут сабрана многа экспанатаў: змешчаны прозвішчы жанчын, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці; праз фотаздымкі і кароткія анатацыі расказваецца аб удзеле калінкавічанак у Вялікай Айчыннай вайне; праследжаны працоўны шлях жанчын у пасляваенны час; змешчаны матэрыялы аб іх добрасумленнай працоўнай і грамадскай дзейнасці сёння.

Вялікія ўражанні пакінула наведванне музея памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Калінкавіцкім раённым ваенным камісарыяце. Райваенком Г. Галеня расказаў прысутным пасрэднасцю экспанатаў аб удзеле ўраджэнцаў Калінкавіч у афганскай эпапеі, аб ваеннай службе іх у Чачні, Егіпце, Анголе. Р. Сакалоўскі і М. Жукевіч, першы намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкома, як былыя воіны-афганцы, падзякавалі райваенкому за цікавы расказ і ўручылі падарункі – кнігі аб ратным подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў Беларусі.

Удзельнікі семінара пабывалі ў музеі працоўнай славы і на выстаўцы, правялі дэгустацыю прадукцыі на Калінкавіцкім мясакамбінаце. Змястоўную гутарку правёў дырэктар прадпрыемства Г. Курловіч.

Пры пераездзе аўтобусам у аграгарадок Юравічы была магчымасць паглядзець відэафільм аб Калінкавічах і раёне.

У Юравічах адбылося наведванне іезуіцкага калегіума і стаянкі першабытнага чалавека, тлумачэнні даваў супрацоўнік Калінкавіцкага краязнаўчага музея У. Лякін.

“Этапы вялікага шляху” – пад такой назвай прайшла інсцэніроўка развіцця раёна на асноўных адрэзках гісторыі, якую гасцям прадэманстравалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Юравіцкага СДК.

На памяць аб семінары ўсім яго ўдзельнікам былі зроблены падарункі: новае выданне кнігі “Памяць. Калінкавіцкі раён”, зборнік “Вялікая Айчынная: супраціўленне і вызваленне Калінкавіцкай зямлі”, падрыхтаваны па матэрыялах, змешчаных у газеце “Калінкавіцкія навіны”; вершаваны зборнік “І майстэрства, і натхненне”, аўтарамі якога з’яўляюцца жыхары Калінкавіцкага раёна: педагогі, работнікі культуры, інжынеры, эканамісты, ваеннаслужачыя, журналісты – людзі розных прафесій і ўзростаў.


Клаўдзія БОСАК.
На здымку: на канцэрт запрашаюць самадзейныя артысты Юравіцкага СДК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *