Несуцяшальная статыстыка: за пяць месяцаў сёлета на тэрыторыі нашага раёна адбылося 28 пажараў, што ў два разы перавышае аналагічны мінулагодні паказчык. Што прадпрымаецца раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях каб выправіць становішча, размова карэспандэнта “ЛС” з начальнікам РАНС А.М. ПРОТЧАНКАМ.
– Аляксандр Мікалаевіч, якая асноўная прычына пажараў?
– Быў і застаецца так званы чалавечы фактар, іншымі словамі гаворачы, неасцярожнае абыходжанне з агнём. Сюды адносіцца і курэнне ў нецвярозым стане, і пакінутая непатушаная запалка, і безнаглядная печ, якая топіцца, касцёр і многае іншае. Так, напрыклад, 8 лютага 2009 года з-за неасцярожнага абыходжання з агнём адбыўся пажар у доме № 27 па вул. Пушкіна райцэнтра. Яго ўладальнік, выпіўшы за абедам гарэлкі, выключна для апетыту, вырашыў прапаліць ацяпляльна-варачную печ. Узяўшы газету і запалкі, накіраваўся на кухню, дзе размешчана печ, і спрабаваў яе распаліць, пасля чаго адправіўся спаць. Пажар выявілі дзеці гаспадара дома і адразу паведамілі аб гэтым суседзям, якія і выклікалі падраздзяленні РАНС. На шчасце, на гэты раз абышлося без ахвяр. Але ў выніку пажару агнём знішчана падлогавае пакрыццё на плошчы паўтара квадратных метра і пашкоджаны сцены памяшкання кухні. Агульная сума ўрону ад пажару склала каля двух мільёнаў рублёў.
Увогуле з пачатку года па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём адбылося 16 пажараў. Прычынай 6 пажараў стала парушэнне правіл устройства і эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых установак. Парушэнне правіл мантажу, устройства і правіл эксплуатацыі электрасетак і электраўстановак прывяло да 3 пажараў і 1 пажар адбыўся на глебе падпалу.
– Прадастаўце, калі ласка, статыстыку пажараў у разрэзе населеных пунктаў.
– Сумнае лідэрства ўзначальвае горад Хойнікі, дзе сёлета адбылося 8 пажараў. Другое месца раздзялілі Велікаборскі і Дварышчанскі сельскія Саветы – па 4 пажары, трэцяе – Алексіцкі, Паселіцкі і Барысаўшчанскі сельсаветы (па 3 пажары). Два пажары зарэгістраваны на тэрыторыі Казялужскага сельскага Савета, адзін – у Стралічаўскім.
– Аналізуючы гэтыя лічбы, што можаце канстатаваць?
– Міжволі напрошваецца вывад: людзі проста не ўсведамляюць усёй небяспекі і трагічнасці вынікаў пажараў. Напэўна, гістарычна ў свядомасці жыхароў закладзена цвёрдая перакананасць у сваёй усемагутнасці і ў тое, што нешта дрэннае і страшнае можа здарыцца з кім заўгодна, але толькі не з намі.
Многія сцвярджаюць, што супрацьпажарныя патрабаванні часта неабгрунтаваныя, больш жорсткімі становяцца меры да парушальнікаў. І не ўсведамляюць, што задача нашай службы заключаецца не ў тым, каб зрабіць жыццё больш складаным, а ў тым, каб прадухіліць пажар і забяспечыць максімальную бяспеку насельніцтва ў выніку яго ўзнікнення.
– Якая работа праводзіцца з жыхарамі ў плане прафілактыкі пажараў?
– Два разы ў год супрацоўнікамі нашага райаддзела праводзіцца праверка прыватнага сектара. У ходзе мерапрыемства ўладальнікам указваюць на выяўленыя недахопы, а таксама ўручаюць памяткі з пералікам таго, што трэба зрабіць для іх ухілення. Акрамя гэтага, на тэрыторыі раёна праводзяцца розныя мерапрыемствы накіраваныя на зніжэнне колькасці пажараў і гібелі людзей на іх: дэкаднікі пажарнай бяспекі, сельскія сходы, на якіх разглядваюцца найбольш важныя і актуальныя пытанні пажарнай бяспекі. У працоўных калектывах праводзяцца інструктажы, гутаркі і кіналекторыі на супрацьпажарную тэматыку. Штотыднёва сумесна з работнікамі аддзела адукацыі райвыканкома і райаддзела ўнутраных спраў арганізоўваюцца выезды на праверку сем’яў з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
У рамках Рэспубліканскай комплекснай праграмы сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад вынікаў Вялікай Айчыннай вайны на 2006-2009 гады ў сакавіку сёлета тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдзелена 2 мільёны рублёў, за якія набыта 107 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і ў цяперашні час сіламі работнікаў РАНС праводзіцца іх устаноўка.
У сувязі са склаўшайся сітуацыяй выратавальнікі вырашылі пайсці ў людзі. Праверкі зараз будзем праводзіць разам з агляднымі камісіямі сельвыканкомаў, якія да гэтага часу ўшчыльную займаліся толькі групамі рызыкі – адзінокімі пенсіянерамі, няпоўнымі і мнагадзетнымі сем’ямі, інвалідамі. Цяпер будуць займацца ўсімі вяскоўцамі без выключэння, каб не было сітуацый, калі жыллё некаторых уяўляе сабой суцэльную пажарную небяспеку.
У ідэале стварэнне вуліцы, а потым і вёскі высокай пажарнай культуры. Трэба давесці да ладу печы і электраправодку, абазначыць тэрыторыі для курэння, стварыць набор сродкаў на надзвычайны выпадак. Магчыма, людзі прывыкнуць да парадку і пачнуць спаборнічаць паміж сабой – у каго супрацьпажарная культура лепшая.
Гутарыла Клаўдзія БОСАК.