Калі б не пераносы…

Спорт

На жаль, намечаная на сённяшні дзень сустрэча першынства Гомельскай вобласці па футболу паміж ФК “Хойнікі” і мазырскай камандай “Гомельчыгункадартранс” на хойніцкім гарадскім стадыёне не адбудзецца: мазыране звярнуліся ў абласную федэрацыю футбола і папрасілі перанесці гульню або на рэзервовы дзень, або на міжкругавую паўзу ў спаборніцтвах. Гэты перанос зблытаў усе карты ў, быццам бы, стройным рэгламенце турніру. На сваім стадыёне нашу каманду мы ўбачым не раней 3 або 4 ліпеня, бо менавіта на гэтыя даты намечана календаром другая дамашняя гульня хайнічан (з камандай “Гомельшкло” з Касцюкоўкі).

А ў мінулую суботу нашы землякі правялі сустрэчу другога тура з камандай “Палессе” з Мазырскага раёна. Футбалісты з Козенак яшчэ ў мінулым годзе выступалі ў трэцяй лізе нацыянальнага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь. І, хаця асаблівых лаўраў там не здабылі, пэўны прафесійны вопыт усё ж назапасілі. Ен і дапамог гаспадарам поля двойчы паразіць вароты хайнічан, а свае захаваць сухімі – 2:0. Не сказаць, каб хойніцкія футбалісты так ужо яўна саступалі мазыранам у класе і майстэрстве, аднак лік на табло – самы аб’ектыўны і рэальны паказчык раскладу сіл сапернікаў. Што ж, на паражэннях таксама вучацца…

Сваю наступную гульню хайнічане правядуць 27 чэрвеня ў Рагачове, дзе іх праэкзаменуе яшчэ адзін мінулагодні ўдзельнік турніру трэцяга беларускага дывізіёна – каманда “Днепр-ДЮСШ”.

Тым часам набірае ход і футбольнае першынство раёна, у якім сёлета ўдзельнічае 10 каманд. Зноў жа, па прычыне надакучлівых пераносаў, яго ўдзельнікі правялі розную колькасць гульняў і ў табліцы цяжка адлюстраваць рэальную сілу сапернікаў. Па набраных ачках становішча такое: “Хойніцкая гімназія” – 9 ачкоў пасля 3 сустрэч, “Торфабрыкетны завод” – 6 пасля 2 сустрэч, КЖУП “Хойніцкі камунальнік” і “Пірам-сервіс” –  па 3 пасля 1 гульні, КСУП “Судкова” і РАУС – па 3 пасля 2 сустрэч, ДЭУ-45 – 3 пасля 3 сустрэч. Пасля дзвюх сустрэч не маюць у сваім актыве набраных ачкоў каманды эксбазы “Стралічава”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм і завода гідраапаратуры.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *