Зусім мала застаецца часу да пачатку самай важнай і адказнай сельскагаспадарчай кампаніі – уборкі збожжавых. Яе своеасаблівай рэпетыцыяй і праверкай гатоўнасці тэхнікі да жніва з’яўляецца ўборка насеннікаў яжы зборнай – каштоўнай кармавой культуры, якая займае важнае месца ў травастоі кармавых угоддзяў.
У цяперашні час уборка насеннікаў яжы ўступіла ў стадыю завяршэння, і першымі гэтае “насеннае жніво” закончылі механізатары КСУП імя Мележа. Гэта і не дзіўна, бо сельгаспрадпрыемства мае статус элітнага ў насенневодстве, а яго галоўным партнёрам з’яўляецца адзіная ў вобласці спецыялізаваная насенняводчая гаспадарка – “КСУП “Насенне траў”.
Сёлета насеннікі яжы ў мележаўцаў занялі 90 гектараў, валавы намалот склаў 63 тоны, сярэдняя ўраджайнасць – 7 цэнтнераў з гектара.
На 50-ці гектарах вялася ўборка насеннікаў яжы і ў сельгаспрадпрыемстве “Судкова”, якое таксама рэалізуе насенне гэтай кармавой культуры іншым гаспадаркам. Тут лічбы такія: валавы намалот – 13 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 2,6 ц/га.
У астатніх сельгаспрадпрыемствах раёна плошчы, адведзеныя пад насеннікі яжы, займалі па 15-30 гектараў, а сабранае насенне будзе выкарыстана пад перазалужэнне і стварэнне новых ўласных многакампанентных пашаў.
Наступнай сельскагаспадарчай культурай у графіку ўборкі стане азімы рапс, пад які ў раёне адведзена 3480 гектараў.
Віктар НАЗАРАНКА.