Цяжка перадаць словамі тую дзіўную атмасферу ўрачыстасці, якая панавала ў сельскім Доме культуры ў дзень святкавання 100-гадовага юбілею КСУП «Судкова».
Гэта трэба было прачуць. Святочна апранутыя віноўнікі ўрачыстасці – тыя, хто сваёй працай каваў славу гэтага сельгаспрадпрыемства, шматлікія гледачы, гукі любімых народных песень, цікавыя фотазоны, апетытныя водары пачастункаў. Што і казаць – адпачываць гэтыя людзі ўмеюць так жа добра, як і працаваць.
Павіншаваць калектыў «Судкова» прыехалі паважаныя госці, у якіх знайшлося шмат падарункаў, узнагарод і безліч слоў удзячнасці для рупліўцаў, якія ў гэты дзень па-сапраўднаму адпачылі ад клопатаў і мітусні. Гонарам за родную зямлю былі пранізаны ўсе выступленні ўрачыстай часткі мерапрыемства. Са сцэны ліліся пранікнёныя песні і словы, якія прымушалі заміраць сэрца.
– Гэта сапраўднае свята для ўсіх. Бо ўсё наша жыццё звязана з калгасам, – дзяліліся ўражаннямі жыхары Судкова. – Няхай наша гаспадарка квітнее, тады і праца будзе, і прыбытак.
Пералічваць віншаванні, якімі быў багаты юбілей, можна доўга. Усе без выключэння выступаючыя жадалі кіраўніку сельгаспрадпрыемства Анатолію Сцішанку і працоўнаму калектыву далейшага росквіту і развіцця, яркіх здзяйсненняў, вытворчых прарываў. Захоўваць і берагчы традыцыі. Адкрытых гарызонтаў і ажыццяўлення ўсіх намечаных планаў.
Мы далучаемся да ўсіх віншаванняў і жадаем прадпрыемству ісці толькі наперад. Няхай не баляць вашы натруджаныя рукі і ніколі не падводзіць здароўе, няхай над вашымі палямі своечасова ідуць дажджы, а фермы не ведаюць страт. Дзякуй вам за нялёгкую працу.
Алена СМУСЯНОК. Фота аўтара.
Аграгарадок Глінішча – малая Радзіма нашага знакамітага пісьменніка Івана Мележа, аўтара трылогіі «Палеская хроніка», запрасіў на сваю зямлю нямала пачэсных гасцей: мясцовую ўладу, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яданняў, ветэранаў працы, былых дырэктараў гаспадаркі.
Усе прыехалі, каб павіншаваць юбіляраў, узнагародзіць, душэўна паціснуць ім руку, абняць, выказаць шмат шчырых слоў у адрас работнікаў і кіраўніка сельгаспрадпрыемства Аляксандра Максімовіча. Былы старшыня райвыканкама Мікалай Садчанка адзначыў, што глінішчукі – людзі са знакам якасці.
Выходячы на сцэну вяскоўцы, канешне, хваляваліся, эмоцыі перапаўнялі. І гэта зразумела. Бо не прывыклі да такой абстаноўкі, дзе менавіта на іх накіравана ўвага, дзе яны ў асноўных ролях, дзе яны такія прыбраныя. Нямнога-нямала, а 190 чалавек зараз працуе ў сельгаспрадпрыемстве: на малочна-таварных комплексах у Алексічах і Тунеўшчыне, МТФ «Глінішча» і «Слабажанка», аддзяленнях па адкорму буйной рагатай жывёлы ў Тунеўшчыне, Грачыхіна і Хвойным.
Мне прыемна, што сярод узнагароджаных была і мая маці. Пачуццё гонару за роднага чалавека прысутнічала ў маім сэрцы. Матуля, ведай, ты гэта заслужыла! Са святам, мележаўцы!
Вікторыя Мароз. Фота аўтара.