Апошнія прыгатаванні і праверкі

Сельское хозяйство

У гаспадарках раёна пачалася ўборка ячменю. Нягледзячы на капрызы надвор’я, паступова наліваецца спеласцю колас пшаніцы, трыцікале, іншых збожжавых культур, да ўборкі якіх сельгапрадпрыемствы прыступяць ужо на гэтым тыдні. Пытанням гатоўнасці тэхнікі да жніва, а таксама ходу падрыхтоўкі гаспадарак да зімова-стойлавага перыяду 2009-2010 гг. было прысвечана выязное пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта.

Пачалося яно не зусім звычайна – са своеасаблівай экскурсіі, з якой кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Хойнікшчыны наведалі КСУП “Чамярыскі” Брагінскага раёна. Тут хайнічане азнаёміліся з тым, як у суседзяў арганізаваны работы па ўборцы ячменю, а таксама з тэхналогіяй плюшчэння збожжа, у чым брагінчане маюць багаты вопыт.

Наступным адрасам работы выканкома стаў мехдвор сельгаспрадпрыемства “Судкова”. Тут галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.Р. Варабей расказаў аб асаблівасцях герметызацыі і рэгуліроўкі збожжаўборачных камбайнаў. Практычную рэалізацыю гэтых патрабаванняў, накіраваных на мінімізацыю страт збожжа, прадэманстраваў адзін з механізатараў гаспадаркі на новым камбайне КЗС-1218. Дарэчы камбайнавы парк “Судкова” хоць сёння гатовы выйсці ў поле. Кожны экіпаж атрымаў спецыяльную папку з расцэнкамі работ, умовамі прэміравання, кароткім, але ёмістым тэкстам патрабаванняў бяспекі. Пры гэтым старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан адзначыў, што такія папкі павінны быць ва ўсіх экіпажаў, занятых на жніве.

Акрамя таго, кіраўнік раёна паставіў абавязковую ўмову: колькі камбайнаў працуе на полі, столькі ж на ўчастку павінна быць і прэс-падборшчыкаў для ўборкі саломы. Па-першае, будзе забяспечаны падсціл у кашарах і жывёлагадоўчых памяшканнях, па-другое, ячная салома, ды яшчэ з травамі, добра паядаецца бычкамі, а па-трэцяе, будучай вясной не давядзецца яе выпальваць, зніжаючы ўрадлівасць глебы. Гэтыя словы прагучалі на полі, дзе вялася ўборка ячменю.

На рапсавым палетку дырэктар КУП “Аравічы” С.В. Дрозд расказаў аб асаблівасцях уборкі рапсу і прадэманстраваў спецыяльнае прыстасаванне да камбайна КЗС-10, якое дазваляе пазбегнуць страт ураджаю. Для гэтай жа мэты галоўны аграном райсельгасхарчу В.М. Тарасенка парэкамендаваў у першую чаргу ўбіраць неапрацаваныя прыліпальнікам участкі, на якіх масланасенне асыпаецца намнога хутчэй.

 Не ўсё ў раёне ладна і са збожжасушыльным абсталяваннем, якога на сённяшні дзень не маюць агракамбінат “Віць” і КСУП “Велікаборскі”. У апошняй гаспадарцы ўзніклі і праблемы з гатоўнасцю камбайнаў, ёсць яны і ў некаторых іншых сельгаспрадпрыемствах.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *