Нягледзячы на капрызы надвор’я, па краіне ва ўсю ўжо гуляе вясна, а ў нашы вокны з усіх бакоў б’ецца шчасце. Нездарма, менавіта вясной, у пару мар і росквіту новага жыцця, 20 сакавіка святкуюць Міжнародны дзень шчасця. Напярэдадні свята мы спыталі нашых чытачоў, што ім патрэбна для шчасця.
– Хацелася б, вядома ж, ні ў чым сабе не адмаўляць. Але ва ўсіх шчасце рознае. Камусьці за шчасце ашчаслівіць каханага чалавека, камусьці падняцца па кар’ернай лесвіцы, камусьці ездзіць па добрых дарогах. А мне для шчасця трэба зусім няшмат. Каб родныя і блізкія былі здаровыя, часцей усміхаліся і ні ў чым не мелі патрэбы.
– Маё шчасце, як і шчасце любой мамы, у маіх дзецях. Я вельмі рада назіраць як яны растуць, вучацца, развіваюцца, знаёмяцца, гуляюць і сябруюць з іншымі дзецьмі. Па вечарах мы ходзім на дзіцячыя пляцоўкі, дзе дзеці могуць удосталь нагуляцца з іншымі рабятамі. Шкада, што нашы жыхары часта ламаюць арэлі на дзіцячых пляцоўках.
– Я пражыў нямала гадоў, шмат чаго пабачыў, і з упэўненасцю магу сказаць, што наша шчасце заўсёды побач. Варта толькі агледзецца, усміхнуцца блізкім і дарагім людзям, і атрымаеш усмешку ў адказ. Здароўе вядома ўжо не тое, што ў 18 гадоў, але затое дастойная пенсія, ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні, а самае галоўнае ўсё ж такі – сямейны дабрабыт.
– Упэўнена, што наша шчасце будуць каваць нашы дзеці. З часам яны падрастаюць, вучацца, і вельмі прыемна, калі знаходзяць працу побач з родным домам. Дакладна ўпэўнена, што шчасце не ў грошах, а вось здароўе трэба берагчы з моладу. Яго, як вядома, ні за якія грошы не купіш.
Апытваў Алег Зубок.