Добраўпарадкаванне роднага краю і навядзенне парадку на зямлі было і застаецца справай не толькі ўлады, але і кожнага чалавека, які хоць крыху «хварэе» за сваю малую радзіму, за свой куточак.
Мікалай Мікалаевіч і Святлана Ульянаўна з Небытава адны з тых, хто «хварэе». Здаецца, зусім нядаўна пісалі пра іх упрыгожаны рознымі малымі архітэктурнымі формамі дом і падворак па вул. Партызанская, а ўжо чатыры гады прайшло. А тут званок ад старшыні Судкоўскага сельвыканкама Алены Волчэк падаспеў: «Ёсць тэма для нумара. У Судзенак новыя МАФы». Выязджаю ў Небытаў.
Сапраўды, тэрыторыя перад домам значна папрыгажэла. І дагэтуль было ярка, сходы грамадзян толькі тут і праводзіліся. А зараз і ўвогуле глаз не адарваць.
З’явіліся прыгажуны-лебедзі, чорны і белы. Гаспадар іх сам вырабіў са старых аўтамабільных пакрышак. З іх жа атрымаліся добрыя кветачніцы (халоднае надвор’е, праўда, не дае шанцу кветкам вылезці на паверхню зямлі): тут ужо дапамагалі сыны, таму што вывярнуць шыну з дыскам аднаму амаль немагчыма. Чарапаха, божыя кароўкі, матацыкл, прыгажуня з пакрышак, куток для адпачынку з крэсламі і столікам… А ў планах у гаспадара яшчэ і буслоў зрабіць і ўсталяваць перад домам, пляцоўка дазваляе.
«А чым яшчэ на пенсіі займацца, – Мікалай Мікалаевіч і Святлана Ульянаўна адзіныя ў гэтым меркаванні. – Вось і стараемся, і нам гэта не ў цяжкасць. Нешта самі прыдумваем, іншую ідэю падкажуць – і справа паляцела. Нам падабаецца, людзям падабаецца – дык чаму не ствараць?».
Цяжка з гэтым не пагадзіцца.
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.