Згубны ўплыў празмернага ўжывання спіртных напіткаў праяўляецца практычна ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Іх распіццё для пэўнай катэгорыі людзей узведзена ў ранг аднаго з відаў адпачынку, стала неад’емнай часткай правядзення вольнага часу, зняцця стрэсавых нагрузак і г.д. Выклікаюць трывогу тэндэнцыі распаўсюджвання спіртных напіткаў не толькі ў бытавой сферы, але і ў сферы працоўнай дзейнасці грамадзян. Актуальнасць праблемы абумоўлена яшчэ і тым, што смяротнасць у краіне прама або ўскосна звязаная з алкаголем, параўнальная са стратамі дзяржавы ў выніку ваенных дзеянняў у ходзе лакальных канфліктаў.
Трэба заўважыць, што жыхары г. Хойнікі нядаўна пілі значна менш. Па меншай меры ўначы. Прычына простая: у красавіку 2006 года упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкома выйшла з ініцыятывай забараніць продаж спіртных напіткаў у начных магазінах. Улады на месцах адгукнуліся, пайшлі насустрач праваахоўнікам і забаранілі продаж спіртнога з 22.00 да 8.00 гадзін. З часу забароны штогод стала назірацца зніжэнне колькасці злачынстваў (у 2006 г. – 491, за першае паўгоддзе сёлета – 222).
І вось з 7 мая ў Гомельскай вобласці зноў пачаўся продаж спіртнога ў начны час (у нашым раёне з 12 ліпеня ў двух магазінах райпо і адным прыватным). І зноўку ўсё вярнулася на кругі свая…
Лагічнае пытанне: хто ўначы, калі добрыя людзі спяць, пойдзе ў магазін за прадуктамі харчавання? Ідуць тыя, каму карціць выпіць, людзі, якія ў нецвярозым стане вядуць сябе непрадказальна. Статыстыка сведчыць, што трэць злачынстваў у краіне адбываецца, калі чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення.
Мушу лічыць, што асноўны тавараабарот магазінаў у начны час менавіта ад продажу гарэлкі, віна і піва. І распіваюцца яны ў раёнах магазінаў, на дзіцячых пляцоўках, у пад’ездах дамоў. І, як правіла, пасядзелкі такія заканчваюцца бойкамі, валтузнёй, сваркамі. Адным словам, перашкаджаюць людзям адпачываць.
Безумоўна, любая забарона – не выйсце са становішча. Супрацоўнікі нашага аддзела сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі праводзяць работу па прафілактыцы п’янства. Толькі сёлета 18 чалавек накіраваны ў ЛПП на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. У мінулым годзе 950, а сёлета 475 грамадзян прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напіткаў або з’яўленне ў грамадскіх месцах у п’яным стане. На ўліку ў наркалагічным кабінеце цэнтральнай раённай бальніцы па прычыне злоўжывання алкаголю састаіць больш за 600 чалавек.
І калі пачалі дзейнічаць тры начныя гандлёвыя кропкі (для параўнання ў г. Гомелі – 10), вынікі адразу адбіліся ў аператыўных зводках у выглядзе злачынстваў і здарэнняў. Рэдкія суткі праходзяць без таго, каб не было зафіксавана скандалаў, боек, нанясення цялесных пашкоджанняў і г.д. Толькі ў гэтым годзе на тэрыторыі раёна памёрла 7 чалавек ад выпадковага атручвання алкаголем (летась за такі ж час – 1).
Вырашэнне праблемы п’янства залежыць ад усіх і кожнага. Толькі тады будзе станоўчы вынік, калі будзем працаваць сумесна і кожны будзе задавацца пытаннем: што асабіста я зрабіў для вырашэння гэтай балючай праблемы, чым дапамог людзям, якія мяне акружаюць?
А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.
На здымках: пасля апоўначы моладзь затарваецца (уверсе); вынікі “адпачынку”.