У верасні споўніцца 100 гадоў ЛКСМБ (Ленінскаму камуністычнаму саюзу моладзі Беларусі).
24 верасня 1920 года адбыўся I Усебеларускі з’езд камсамола, на якім і было арганізацыйна аформлена ўтварэнне камсамольскай арганізацыі Беларусі. Працягваем расказваць вам гісторыі пра тых, хто стаяў на чале маладзёжнага руху на Хойнікшчыне.
Валянцін Ігнацьевіч Баранаў мае вялікі жыццёвы і працоўны вопыт, а яго маладосць, прафесійнае станаўленне прыпалі як раз на гэтыя, можна сказаць залатыя гады развіцця маладзёжнага руху ў раёне.
Нарадзіўся ў пасёлку Леніна. Там жа пайшоў у пачатковую школу, заканчваў Бабчынскую сярэднюю. У кастрычніку 1967 года ўступіў у рады ЛКСМБ, у дзявятым класе стаў сакратаром камітэта камсамола Бабчынскай сярэдняй школы.
У лістападзе 1971 года быў прызваны на службу ў Савецкую Армію, трапіў у Групу савецкіх войск у Германіі. Авіяцыйны полк, у якім служыў, размяшчаўся на поўдні Германіі ў раёне н.п. Альтштэдт.
«Чым запомнілася мне служба? – успамінае Валянцін Ігнацьевіч. – Вядома ж, салдацкім брацтвам і сяброўствам, баявымі дзяжурствамі і трывогамі, тым, што я за гэты час два разы наведаў канцэнтрацыйны лагер смерці «Бухенвальд», вучэннямі, калі ўвесь полк і абслугоўваючыя яго часці пераляталі на запасны аэрадром Калабжэг у Польшчы, паездкай у кароткачасовы водпуск і многім іншым. Асабліва ж адзначу тое, што сустракаўся з касманаўтам Аляксеем Лявонавым: да ад’езду ў атрад касманаўтаў ён служыў у нашым палку. Я і зараз захоўваю яго аўтограф, такі размашысты, як космас, на паштоўцы са сланечнікам». Там жа ў вайсковай часці быў прыняты ў рады КПСС.
Са студзеня 1974 пачаўся працоўны камсамольскі шлях – Валянцін Баранаў быў прыняты на работу інструктарам аддзела камсамольскіх арганізацый Хойніцкага райкама камсамола.
Валянцін Ігнацьевіч дзеліцца: «Так і пачалася мая камсамольская дзейнасць, праца з маладымі людзьмі Хойнікшчыны. З удзячнасцю і асаблівай павагай і зараз успамінаю сваіх калег па працы ў камсамоле: Арсена Сакуна, Зінаіду Бондар, Аляксандра Краўчанку, Аляксандра Дзейкуна, Васіля Зубка, Ганну Сіраж і Нэлі Нуждзіну.
Гэта былі самыя незабыўныя гады ў маёй працы, непаўторныя і поўныя імкненняў да новага, высокага.
Пытанні, якімі мы займаліся 40 гадоў таму, вельмі шматгранныя: ваенна-патрыятычнае і працоўнае выхаванне, спаборніцтва сярод камсамольска-маладзёжных экіпажаў, ферм і змен, развіццё ініцыятывы і актыўнасці юнакоў і дзяўчат, ідэйна-маральнае і прававое выхаванне, развіццё масавай фізкультуры і спорту, культурны вольны час моладзі і развіццё мастацкай самадзейнасці. Асаблівае месца ў гэтым займала арганізацыя ўдзелу ва Усесаюзным паходзе камсамольцаў і моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа, арганізацыя і правядзенне «Ленінскага заліку» як часткі камсамольскай палітычнай вучобы, напраўленне юнакоў і дзяўчат на Усесаюзныя ўдарныя камсамольскія будоўлі па пуцёўцы.
Памятаю, у прыклад заўсёды ставіліся камсамольскія арганізацыі рамонтнага завода, фабрыкі мастацкіх вырабаў, саўгасаў «Перамога сацыялізму», «Стралічава» і «Судкова», калгасаў ім. XXI з’езда КПСС, «Бальшавік» і «Рассвет», сярэдніх школ № 1, 2, 3 горада.
У першай палове 70-х у раённай камсамольскай арганізацыі было 19 камсамольскіх арганізацый калгасаў і саўгасаў, 13 прамысловых прадпрыемстваў, 7 будаўнічых, 4 гандлю і грамадскага харчавання, 17 настаўніцкіх, 2 – вучылішча прафтэхадукацыі, 31 – сярэдніх і васьмігадовых школ і інш. Усяго 117 арганізацый. На ўліку ў іх састаялі звыш 5600 членаў ВЛКСМ. Больш за 1300 маладых людзей удзельнічалі ў гэты час у руху пад дэвізам «Пяцігодцы эфектыўнасці і якасці – энтузіязм і творчасць маладых!». За паспяховае выкананне планаў і абавязацельстваў, ударную працу 265 членам ВЛКСМ раёна было прысвоена званне «Ударнік камуністычнай працы», лідэрамі сярод іх былі трактарыст райсельгасхіміі Васілій Аніскавец, камбайнер калгаса «Кастрычнік», кавалер ордэна «Знак Пашаны» і знака ЦК ВЛКСМ «Залаты Колас» Мікалай Сідарок, брыгадзір камсамольска-маладзёжнай брыгады па кладцы закрытага дрэнажу СМУ меліярацыі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі Васілій Мінчык, трактарыст, кавалер ордэна працоўнай Славы з саўгаса «Стралічава» Уладзімір Кашперка і многія іншыя.
Так жылі і працавалі камсамольцы і моладзь Хойніцкага раёна ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Арганізатарам і каардынатарам усяго гэтага быў райкам камсамола. У гэтым ёсць і мой невялікі ўклад. За гады працы ў ім, а гэта крыху больш за 5 гадоў, быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай камсамола краіны знакам «Залаты колас», юбілейным знакам ЦК ВЛКСМ «70 гадоў ВЛКСМ», шматлікімі Ганаровымі граматамі ЦК ВЛКСМ, ЦК Камсамола Беларусі і Гомельскага абкама камсамола.
У тыя далёкія 70-я гады мы ўмелі і працаваць, умелі і адпачываць. Памятаю, з задавальненнем ездзіў на сходы на торфапрадпрыемства «Аўраамаўскае», размешчанае ў пасёлку Хвойная Паляна, дзе працавала некалькі дзясяткаў камсамольцаў, у камсамольскую арганізацыю калгаса ім. XXII з’езда КПСС у вёсцы Кажушкі. Пасля афіцыйнай часткі – камсамольскага сходу – у абавязковым парадку быў канцэрт мастацкай самадзейнасці, танцы на пляцоўцы ў лесе і на беразе рэчкі. А камсамольская арганізацыя саўгаса «Стралічава», якую ўзначальваў Аляксандр Лемза, была лідэрам моладзі ў раёне. Сюды я заўсёды прыязджаў як дадому, бо гэта і была мая Радзіма – брыгада пасёлка Леніна ўваходзіла ў саўгас «Стралічава».
Вядома, больш за ўсё камсамольцаў і моладзі пражывала ў горадзе, і райкам камсамола стараўся арганізаваць і разнастаіць іх адпачынак: вечары адпачынку ў раённым Доме культуры, дыскатэкі і танцы на танцпляцоўцы, агляды-конкурсы самадзейнасці, фестывалі, спартыўныя мерапрыемствы.
Напэўна, лепш сказаць пра камсамол, як сказаў пра яго на адным з мерапрыемстваў старшыня КПРФ Генадзій Зюганаў нельга: «Камсамол – гэта самая яркая, гераічная і масавая грамадская арганізацыя моладзі!». І я ганаруся тым, што належаў да яе, быў у яе радах!».
У красавіку 1979 года Валянціна Ігнацьевіча прызначылі на партыйную працу – інструктарам арганізацыйнага аддзела Хойніцкага райкама партыі. Але гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя.
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.