Працоўны старт


“Бывай, альма-матэр, добры дзень, працоўнае жыццё” – такімі словамі развітваліся ў чэрвені сёлета з кіраўніцтвам ВНУ і выкладчыкамі выпускнікі Беларускага гандлёва-эканамічнага універсітэта спажывецкай кааперацыі. Сярод іх і тры прадстаўніцы нашага раёна, якія набывалі тут адукацыю па мэтавых накіраваннях райспажыўтаварыства.

З адзнакай закончыла універсітэт Вольга Аляксееўна Кардаш і працуе зараз эканамістам АСП “Камбінат грамадскага харчавання”. На такой жа пасадзе ў АСП “Каапнарыхтпром” – Анастасія Мікалаеўна Пранягіна. Людміла Віктараўна Бадалян, якая працуе зараз бухгалтарам райспажыўтаварыства, з верасня пачне вучобу ў магістратуры універсітэта  спажывецкай кааперацыі: з хадайніцтвам аб гэтым выступіла кіраўніцтва ВНУ.

Зараз праходзяць стажыроўку ў гандлёвых кропках раёна і тры выпускнікі Гомельскага гандлёвага каледжа, якія будуць працаваць прадаўцамі. Марына Міхайлаўна Здор па рэкамендацыі сярэднеспецыяльнай навучальнай установы прадоўжыць навучанне па спецыяльнасці “таваразнаўца”.

Праўленне райспажыўтаварыства значную ўвагу ўдзяляе падрыхтоўцы кадраў па мэтаваму прызначэнню. Дастаткова сказаць, што студэнтамі ВНУ вочнай формы навучання  з’яўляюцца 17 хайнічан, завочнай – 22, у гандлёвым каледжы навучаюцца адпаведна 11 і 14 чалавек.

Жыллёвая праблема перад новапрызначанымі маладымі спецыялістамі пакуль не стаіць: усе яны вярнуліся з вучобы дамоў, да бацькоў.  Іх шчыра і сардэчна прынялі  і ў новай сям’і – працоўнай. Пажаданне ж адно, каб нашы маладыя спецыялісты глыбока пусцілі карані на роднай зямлі.


Г. ЧЭКАН,
намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства па кадрах і ідэалагічнай рабоце.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *