Бягучы год калектыў завода жалезабетонных вырабаў пачаў з істотнага прырастання свайго колькаснага саставу – у структуру прадпрыемства ўвайшло цяпер ужо былое ААТ «Хойнікірамбуд». Такім чынам, новымі завадчанамі сталі больш за 7 дзесяткаў чалавек, а сфера вытворчай дзейнасці завода стала ўключаць у сябе і выкананне будаўніча-мантажных работ. Аб тым, як гэтыя змены адбіліся на вытворчым працэсе, расказвае дырэктар прадпрыемства Ганна Аляксандраўна ВАСІЛЕНКА.
– У цэлым працэс аб’яднання асаблівых складанасцей не выклікаў. Разам са штатам і матэрыяльнай базай «Хойнікірамбуда» да нас перайшлі і ўсе яго незавершаныя аб’екты. Так што людзі па-ранейшаму засталіся працаваць на тых жа рабочых месцах, надалей, па меры магчымасці, будзем брацца за новыя будоўлі. Пакуль што нашы будаўнікі заняты на капітальным рамонце дома № 6 па вуліцы Юбілейнай райцэнтра, вядзём работы па будаўніцтву 3 індывідуальных жылых дамоў у Брагінскім раёне, а таксама пачалі ўзвядзенне новай збожжасушылкі сумеснага беларуска-брытанскага прадпрыемства «Салвэй Лімітэд» у Хойніках, якая ўжо сёлета павінна прыняць збожжа новага ўраджаю.
Самі ж будаўнікі атрымалі і пэўныя выгоды ад аб’яднання з заводам – цяпер будматэрыялы (жалезабетонныя вырабы і таварны бетон) яны атрымліваюць не ад пастаўшчыкоў, як гэта раней было, а са сваёй прамысловай базы. Гэта спрыяе рытмічнасці і тэмпам будаўніча-мантажных работ.
Што датычыць асноўнага роду дзейнасці – выпуску таварнай прадукцыі, то зараз мы знізілі аб’ёмы вытворчасці ў сувязі з правядзеннем работ па мадэрнізацыі вытворчасці, на якіх заняты нашы асноўныя сілы. І сёння ўжо можна сказаць, што гэты працэс уступіў у рашаючую фазу. Зараз мы рыхтуем фундаменты пад новую бетонамяшальную ўстаноўку магутнасцю ў 2,5 разы вышэй за тую, што стаяла ў нас раней. А значыць, адпаведна ўзрасце і прадукцыйнасць працы.
Замянілі дах асноўнага вытворчага цэха, правялі ўцяпленне яго сцен, летам пачнём мантаж новага абсталявання, каб ужо ў жніўні-верасні пачаць выпуск таварнага бетона (у выглядзе вадкага бетона), а ў 4 квартале года даць першую прадукцыю зборнага жалезабетона. Ужо да 1 чэрвеня мы павінны вызначыцца з канкрэтнай наменклатурай вырабаў, якія мы плануем выпускаць. Працягваем рамонт адміністрацыйных і складскіх памяшканняў, хаця і ў гэтым напрамку многае ўжо зроблена. Канчатковае завяршэнне работ па мадэрнізацыі вытворчасці намечана на 2015 год – зразумела, пры ўмове стабільнага і ўсеаб’ёмнага фінансавання.
Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.