Людзі на балоце

Вёсачка мая

6За акном праплываюць жоўта-зялёныя палі, квітне-ючыя сады, акуратненькія драўляныя і цагляныя хаткі… Няспынна бягуць за гарызонт стужкі асфальтаваных дарог, і неба такое насычана блакітнае, з вялікімі падушкамі-аблокамі. Мы працягваем наша вандраванне па вёсках раёна, на гэты раз едзем у цудоўныя мележаўскія мясціны – вёску Каранёўка. Так, менавіта тую, якая стала прататыпам Куранёў з «Палескай хронікі».

3

Некалі гэтая прыгожая вёсачка была астраўком, акружаным вадой. Перамяшчаліся мясцовыя жыхары па дубовых калках, якія ўбівалі ў непралазную дрыгву і апляталі лазой. Цяпер жа замест балот вакол палі, дзе-нідзе «прарэзаныя» канавамі, якія даўно ўжо аблюбавалі рыбакі. Едзем па той самай грэблі, аб якой калісьці так марылі тутэйшыя жыхары. Мінаем векавую прыгажуню грушу каля дарогі. Менавіта пад ёй Іван Мележ «прызначаў» спатканні сваёй куранёўскай парачцы – Васілю і Ганне. А сёння тут існуе нават павер’е: калі незамужняя дзяўчына паспрабуе яе плады – хутка выйдзе замуж.
Наш знакаміты зямляк, прыязджаючы на малую радзіму, любіў наведваць знаёмыя з дзяцінства мясціны: часценька бываў пад дубам, дзе малым гойдаўся на арэлях у Каранёўцы. Тут жыў яго дзед Дзяніс, якога ён вельмі любіў.

1
Да аварыі на ЧАЭС Каранёўка налічвала 47 двароў, цяпер жа засталося толькі 6… Жывуць тут дзве сямейныя пары Васілій Васільевіч і Васіліна Аляксееўна Жолуд і Аляксандр Уладзіміравіч з Лідзіяй Міхайлаўнай Шаўчэнка.

2
У час нашай размовы яны з настальгіяй успаміналі былыя часы вёскі. «Клуба тут не было – для танцаў «наймалі» хату, а за арэнду плацілі бульбай. Колькі люду было, з суседніх вёсак прыязджалі! Як добра гулялі!», – згадваюць каранёўцы. «Маленькае сяло было, але вельмі дружнае. Часта на вуліцы збіраліся, бульбу на вогнішчы пяклі, хто агуркоў з сабой возьме, хто кавалачак сала – так разам і вячэралі, песні спявалі, на ўсю вёску чутно было. А колькі раней на вячорках дзеўкі пралі, шылі і плялі!»
У гады вайны каранёўцам у пэўным сэнсе пашчасціла. Па аповядах, яшчэ да рэвалюцыі ў Алексічах у пана-немца служыла жанчына з Каранёўкі, няньчыла малога. Потым яны з’ехалі ў Германію, а калі вайна пачалася, гэты паненак прыехаў сюды камандзірам карацельнага атрада і адразу спытаў у старасты, ці жывая жанчына, якая яго даглядала. Усіх жыхароў сагналі ў адно месца і паставілі з чатырох старон кулямёты, а немец пайшоў да сваёй нянькі. Цэлую гадзіну з ёй аб нечым гаварыў, а потым выйшаў і на рускай мове сказаў: «Господа, выносите своё имущество из домов, через полчаса ваша деревушка будет сожжена». Усе ўцякалі – так і выратаваліся.

SIbFkYjcXRg
Безумоўна, вельмі складанымі былі пасляваенныя гады. «Мы не маглі дачакацца жніва, каб хоць каласоў паесці – хаця вартаўнікі палёў і «ганялі» нас. Варылі гнілую бульбу, а яблыкі і наогул за шчасце былі, – ледзь стрымліваючы слёзы, успамінаюць мае суразмоўцы. – Многае перажылі, але на лёс не скардзімся. Галоўнае, што зараз мірнае неба над галавой».

W2B6xRt3FSM
Раз у тыдзень у Каранёўку ходзіць рэйсавы аўтобус, двойчы прыязджае аўталаўка, адзінае, чаго не хапае, – гэта пошты на колах, каб паслугі зручней было аплочваць, ды газеты можна было б выпісваць, а таму мае героі вельмі шкадавалі, што не пабачаць матэрыял аб роднай вёсцы ў раёнцы.
Дапаможам з падпіскай, вузел паштовай сувязі?

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *