Сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна КУП “Аравічы” вызначаецца моцнай будаўнічай брыгадай.
– У 2006 годзе, – расказвае прараб гаспадаркі Васілій Сямёнавіч Шкурко, – у брыгадзе было ўсяго тры чалавекі. Па-сутнасці займаліся латаннем дзірак, нешта падправіць, падрамантаваць. Ужо да лета наступнага года ў калектыве стала 8 чалавек, а пасля далучэння КСУП “Барысаўшчына” працуюць 15. Фронт работ ёсць пастаянна, аб’екты вясковыя будаўнікі пачынаюць з нуля і здаюць “пад ключ”.
Адна з такіх будоўляў – памяшканне для адкорму буйной рагатай жывёлы на ферме вёскі Віць. Стары хлеў разабралі, пакінуўшы толькі цагляныя тарцы і сцены і за кароткі прамежак часу пабудавалі новае памяшканне, якое зараз радуе вока новенькім шыферным дахам. Узвялі новы дах на адным з жывёлагадоўчых памяшканняў на Барысаўшчанскай ферме, пачалі будаўніцтва малочных блокаў у вёсках Храпкаў і Віць. Гэта не лічачы менш аб’ёмных работ: выгароджванне кашар, рамонт вагавых і інш. Бадай, ні ў адной гаспадарцы раёна няма такіх зручных і прыгожых домікаў для пастухоў на адгонных выпасах, як у “Аравічах”. І гэта заслуга брыгады.
Узначальвае калектыў Віктар Міхайлавіч Віннік, чалавек спакойны, памяркоўны, аб якіх гавораць: сем разоў адмерае, перш чым адрэзаць. З дысцыплінай праблем ніколі не бывае. Ды і хто асмеліцца парушаць яе, калі ў летнія месяцы заробак кожнага больш за мільён рублёў. Добра папрацуеш – дастойная і аплата. Так што ўладкавацца на працу ў будаўнічую брыгаду гаспадаркі – справа прэстыжная.
Генадзій Віннік, Аляксандр Віннік, Леанід Аўтушка, Аляксандр Кончын, Андрэй Шараў, Ігар Гушча, Ігар Канцавы, Сяргей Сцішанок, Юрый Рабянок, Уладзімір Сізянок, Дзмітрый Міненка, Дзмітрый Шкурко, Васілій Бурак… Аб кожным з іх прараб і брыгадзір сказалі шмат добрых слоў, не выдзяляючы некага асабліва. У калектыве кожны можа быць і мулярам, і цесляром, і сталяром, і тынкоўшчыкам. І хаця пачыналі сваю працоўную дзейнасць многія па іншай спецыяльнасці, лічаць сябе толькі будаўнікамі. І заўтрашняе свята – іх прафесійнае.
На здымку: прараб В.С. Шкурко (злева) і брыгадзір В.М. Віннік (у цэнтры) перад пачаткам працоўнага дня з членамі брыгады С.А. Сцішанком, І.А. Гушча і А.А. Віннікам.
Тэкст і фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.