Напярэдадні Дня будаўніка аб рабоце ААТ “Хойнікірамбуд” мы папрасілі расказаць яго дырэктара Г.А. ВАСІЛЕНКА:
– Асноўны напрамак нашай працоўнай дзейнасці – будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэння. Для якаснага выканання будаўніча-мантажных работ прадпрыемства аснашчана неабходнымі механізмамі і тэхнікай, мае кваліфікаваную рабочую сілу.
Наш калектыў, у склад якога ўваходзіць 65 чалавек, – сплаў вопыту і маладосці. Працаўнікі з вялікім стажам і энергічная моладзь у любой справе ідуць поплеч. А самае галоўнае – цэняць час і якасць сваёй работы. Многія праяўляюць асаблівае старанне і творчасць, дзякуючы гэтаму іх прозвішчы ў ліку перадавікоў раёна. Гэта цясляр Ю.М. Цючанкоў, плітачнік-абліцоўшчык В.М. Сіраж, муляр Д.Б. Лаўрусенка, тынкоўшчыкі-маляры М.В. Ходас, В.М. Анісенка, А.В. Варанец, вадзіцелі С.П. Чорны і В.В. Мягкоў, экскаватаршчык А.В. Шпарун.
Сёлета работнікі нашага прадпрыемства вялі будаўніцтва жылых дамоў у аграгарадках Храпкаў і Вялікі Бор, рамантавалі дах жылога дома па вул. Першамайскай райцэнтра, будынак Віцьеўскай сярэдняй школы, помнік загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне ў в. Паселічы, праводзілі ўцяпленне панельнага дома па вул. Жукава. План будаўніча-мантажных работ за сем месяцаў сёлета выкананы на 172 працэнты. Будынак гарадской сярэдняй школы № 1, Велікаборская бальніца і басейн дзяржаўнай гімназіі – на гэтых аб’ектах зараз працуюць нашы будаўнікі.
Мы наладзілі цесныя сувязі з КЖУП “Хойніцкі камунальнік” і КУДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна”. Імкнемся заўсёды прытрымлівацца стандартаў якасці, робім усё магчымае для павышэння прадукцыйнасці працы.
Карыстаючыся выпадкам, хачу ад усёй душы павіншаваць калег з прафесійным святам і пажадаць ім добрага здароўя, светлага настрою і сямейнага шчасця.
Запісала Наталля ЧЭКАН.