Правялі русалачку з Бору да бору

Культура

У мінулую нядзелю ў аг. Вялікі Бор прайшоў традыцыйны абрад «Провады русалкі», які ў 2016 годзе атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

У гэты ж дзень элементы абраду каля Цэнтра культуры г. Хойнікі прадставілі ўдзельніцы ансамблю «Спадчына».

ПАВЕР’Е

Як адсвяткуюць Тройцу, так пачынаецца «русальны» тыдзень. Гэтыя самыя русалкі выходзяць з лясоў і балот бліжэй да жытла вяскоўцаў. Ды толькі намеры ў іх зусім не добрыя. Таго і глядзі нашлюць гібель на ўраджай, у кароў знікне малако, а дружныя суседзі ўміг стануць заклятымі ворагамі.

РУСАЛЛЕ

Для нашых продкаў Русальны тыдзень па значнасці стаяў у адным шэрагу з Калядамі, Масленіцай і Велікодным тыднем і даволі рэзка абмяжоўваў прастору чалавечай дзейнасці, фактычна звужаючы яе да межаў сядзібы і вёскі. Усё астатняе наваколле на гэты час станавілася надзвычай небяспечным і непажаданым для любой дзейнасці.

Гэты тыдзень быў своеасаблівым завяршальным акордам вясны, пары росквіту і буяння жыццёвых сіл прыроды. Сама ж русалка выступае як захавальніца ўрадлівасці, адна з апякунак пладаноснай зямлі і распарадчыкаў воднай стыхіі.

АБРАД

Па сённяшні дзень беражліва захоўваюць вялікаборцы свой аўтэнтычны абрад, які з даўніх часоў ратуе іх вёску ад свавольстваў русалак. Падрыхтавалі і правялі сёлетні работніцы мясцовага Цэнтра вольнага часу, а галоўнай гераіняй стала вучаніца Велікаборской школы Вікторыя Харошка.

«Провады русалкі» – сімвал выгнання гэтых істот далей ад чалавечага жылля. Русалку выганяюць у поле, каб жылося спакойна, каб былі здароўе і дабрабыт.

На ролю Русалкі выбіраюць маладую незамужнюю дзяўчынку. З галінак, траў і кветак майструюць ёй зялёны ўбор. Кожны год і стары і малады з нецярпеннем чакаюць, калі Русалка ў суправаджэнні ахоўнікаў пойдзе па вёсцы. На ролю ахоўнікаў выбіраюць маладых хлопцаў, а шэсце суправаджаецца абрадавымі народнымі спевамі. Самі вяскоўцы апранаюць святочныя ўборы, вышытыя сваімі рукамі сукенкі, кофты і фартухі.

Абрад заканчваецца ў полі за вёскай. Туды нясуць сплеценыя з травы вяночкі, у кожнага свой. А яшчэ ёсць адзін вялікі абрадавы вянок. Там, у полі, распальваюць вогнішча. Вянкі і малыя, і вялікія праносяць над вогнішчам. Ад полымя яны надзяляюцца асаблівай сілай урадлівасці.

Пераскочыць праз вогнішча спяшаюцца і самі ўдзельнікі абраду: ад бяды ачысціцца, а яшчэ ў скачку паспець загадаць запаветнае жаданне. Дзяўчынкі маладыя наканаванага жадаюць, хто старэй – здароўя, дзеці – добрай вучобы. Кожны жадае сваё. Затым вялікі абрадавы вянок разрываюць на пучкі. Сяляне літаральна кідаюцца на яго, каб паспець ухапіць хоць пару галінак.

Нарэшце, калі садзіцца сонца, Русалка ўцякае ў поле разам са сваімі ахоўнікамі. Яны імкнуцца абараніць русалку ад вяскоўцаў. А вяскоўцы імкнуцца дагнаць русалку – і што б там ні стала трэба сарваць з яе зялёны ўбор, абарваць лісце, кветкі і травы. Гэтая зеляніна таксама сімвал ураджаю, яна лічыцца надзеленай асаблівай сілай. Сарваная з русалкі лістота, выкладзеная на агародзе, узмацняе ўрадлівасць і ўраджайнасць. З гэтага часу і да наступнага года русалкі больш не павінны шкодзіць людзям.

Здзейсніць гэты абрад для вялікаборцаў – значыць забяспечыць здароўе, добрае надвор’е і добры ўраджай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *