Дзень сённяшні і заўтрашні


Першае і, напэўна, самае галоўнае, аб чым хацелася б паведаміць жыхарам Хойнікшчыны са старонак раённай газеты, – гэта нарошчванне аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў рэгіёне.

У першым паўгоддзі сёлета пабудавана 4330 квадратных метраў жылля, што складае 88,4 працэнта ад гадавога задання (4900 квадратных метраў), што вышэй аналагічнага паказчыка мінулага года: будаўнічай галіне раёна ўдалося не толькі паспяхова выканаць паўгадавое заданне, але і перавысіць яго. Інвестыцыі ў жыллёвае будаўніцтва за гэты перыяд склалі 5,8 млрд. рублёў. У аб’ёме ўзведзенага жылля 97 працэнтаў прыходзіцца на маючых у гэтым асаблівую патрэбу.

У ліку здадзеных ў гэтым годзе наступныя аб’екты: два аднакватэрныя дамы па вуліцы Берагавога райцэнтра для мнагадзетных сем’яў; 40-кватэрны жылы дом па вуліцы 70 год Кастрычніка ва ўмовах жыллёва-будаўнічага кааператыву, узвядзеннем якога займаўся калектыў будаўнічага ўпраўлення №167 ААТ “Мазырпрамбуд” (дырэктар В.М. Палуянаў).

Восем аднакватэрных жылых дамоў узводзіліся сельгаспрадпрыемствамі за кошт льготнага крэдытавання для сваіх спецыялістаў. Чатыры жылыя дамы ў КСУП “Веляцін” будаваў калектыў КДБУП “Хойніцкая ПМК” (дырэктар А.А. Новік), столькі ж аднакватэрных дамоў ( 1 у КСУП “Велікаборскі” і 3 – у КУП “Аравічы”) узводзілі будаўнікі ААТ “Хойнікірамбуд” (дырэктар Г.А. Васіленка).

У стадыі будаўніцтва 60-кватэрны жылы дом у мікрараёне “Юбілейны”, работы ажыццяўляюцца за кошт субвенцый (грашовых сродкаў, накіроўваемых дзяржавай на ліквідацыю вынікаў катастрофы на ЧАЭС) і сродкаў аблвыканкома, дзе прадугледжана выдзяленне службовага і сацыяльнага жылля. Плануецца ў наступным годзе ўзвядзенне службовага жылля – на вуліцы Савецкай горада з’явіцца 40-кватэрны дом для маладых спецыялістаў. Таксама ў будучым годзе будзе ўзведзена сем аднакватэрных дамоў для мнагадзетных сем’яў за кошт льготных крэдытаў у выглядзе бязвыплатнай будаўнічай субсідыі.

А да канца гэтага года ўступяць у эксплуатацыю яшчэ 2 аднакватэрныя дамы для мнагадзетных сем’яў па вуліцы Берагавога агульнай плошчай па 98 квадратных метраў і 7 жылых дамоў у сельскай мясцовасці: 4 – у эксперыментальнай базе “Стралічава” (352 кв. м), 2 – у сельгаспрадпрыемстве “Веляцін” (па 88 кв. м), 1 – у КСУП “Велікаборскі”(77 кв. м). Па чарнобыльскай тэматыцы будзе пабудаваны дом для КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.

У другім паўгоддзі будзе здадзена ў эксплуатацыю 878 квадратных метраў жылля.

Рашэннем Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў №154 ад 24 верасня 2008 года зацверджана Праграма развіцця будаўнічага комплексу вобласці на 2008-2015 гады. Упор зроблены на жыллёвае будаўніцтва. Згодна з Праграмай на Хойнікшчыне ў 2010 годзе павінна быць пабудавана 5300 квадратных метраў жылля, у 2011 – 5700, і ў перыяд 2012-2015 гадоў – 22800 квадратных метраў. У сувязі з гэтым чакаюцца сур’ёзныя зрухі ў чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: высокія тэмпы будаўніцтва, якія плануецца захаваць да 2015 года, павінны істотна скараціць колькасць чаргавікоў. З дзяржаўнай падтрымкай па льготнаму крэдытаванню жыллёвага будаўніцтва кожны, хто хацеў бы пабудаваць кватэру або дом, можа такое жаданне ажыццявіць. Як гэта зрабілі жыхары, аб’яднаўшыся ў першы жыллёва-будаўнічы кааператыў у нашым горадзе. Хочацца спадзявацца, што такая форма будаўніцтва ў нашым раёне знойдзе пастаянную прапіску. Напомню, што зараз ідзе фарміраванне ЖБК-2 на базе 20-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне “Юбілейны”. Такая форма будаўніцтва жылля будзе практыкавацца, каб задаволіць патрэбу ўсіх жадаючых у паляпшэнні жыллёвых умоў.

Што ж датычыць якасці будаўніцтва, то тут усё залежыць ад чалавечага фактара. І хаця прафесійнымі кадрамі будаўнічы комплекс раёна па вялікім рахунку не абдзелены, праблемы ўсё ж узнікаюць. Але паколькі на чалавечы фактар можна паўплываць, то гэтыя праблемы вырашальныя.


А. БАЙКОЎ, намеснік старшыні райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *