Прафарыентацыя Дзень адкрытых дзвярэй


У сучасных умовах прафесія разглядваецца не проста як род дзейнасці, але і як лад жыцця чалавека. Пры выбары будучай спецыяльнасці трэба кіравацца яе грамадскай значымасцю, прэстыжам, заработнай платай, магчымасцю руху па службе і іншымі матывамі. Веданне таго, чаму чалавек выбірае тую або іншую прафесію, дазваляе прадбачыць, наколькі паспяхова ён будзе авалодваць ёю, наколькі сур’ёзна і захоплена будзе працаваць.

Каб дапамагчы навучэнцам 9-11 класаў дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі больш граматна падысці да прафесіянальнага выбару, павысіць інтарэс да такіх спецыяльнасцей, як настаўнік-дэфектолаг, псіхолаг, сацыяльны педагог, у раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі быў праведзены Дзень адкрытых дзвярэй. Навучэнцаў гімназіі разам з іх сацыяльным педагогам Любоўю Мікалаеўнай Мяховіч чакала экскурсія, якая суправаджалася цікавым расказам аб гісторыі стварэння цэнтра, яго спецыялістах, асноўных напрамках адукацыі. Уздымаліся праблемы спецыяльнай адукацыі, адна з якіх – недахоп кадраў, працуючых з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця.

Раздзяліўшыся на групы, навучэнцы наведалі майстар-класы, якія правялі спецыялісты цэнтра. Кожны педагог расказаў, як выбраў для сябе прафесію, падзяліўся сваімі поспехамі і складанасцямі.

Педагог-псіхолаг цэнтра Вольга Мікалаеўна Андрэйчанка правяла апытанне навучэнцаў гімназіі, мэтай якога было высветліць схільнасць да тыпу і класа прафесій, якія яны могуць выбраць у далейшым.

Вялікі інтарэс выклікаў у гасцей прагляд відэазапісу мерапрыемстваў, што праводзяцца ў цэнтры. Рабяты пабачылі, наколькі таленавітыя выхаванцы рэабілітацыйнай установы. Хаця ім даецца гэта вельмі цяжка, аднак хлопчыкі і дзяўчынкі прыкладваюць усе намаганні, каб іх прынялі і пачулі ў грамадстве.

Магчыма пасля гэтага мерапрыемства хтосьці з навучэнцаў зацікавіцца прафесіяй настаўніка-дэфектолага, псіхолага, а хтосьці прыйдзе сюды ў якасці валанцёра, каб зрабіць жыццё выхаванцаў цэнтра яркім і маляўнічым.


Ж. КУМПЯК,
дырэктар ЦКРНіР.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *