І ружа ў букеце рамонкаў

Людзі і лёсы

врачЗа вокнамі змяркалася, вялікім чырвоным колам закацілася за сінеючы хвойнік сонца, і апошнія яго промні дакрануліся да белага аркуша паперы, што застаўся ляжаць на стале пасля таго, як яна перагледзела і паклала ў шафу гісторыі хвароб пацыентаў сваёй амбулаторыі.
Вера Іванаўна зацікаўлена падняла да вачэй аркуш, вырваны з вучнёўскага сшытка. На ім дробным, але вельмі роўным почыркам была напісана невялікая запіска – усяго некалькі радкоў. Чыё гэта? Можа неяк выпадкова трапіла гэта паперка на яе рабочы стол? Можа гэта чыясьці таямніца, у якую нельга ўмешвацца нават урачу? Аднак, не ўбачыўшы зверху ні імя адрасата, ні подпісу, вырашыла: прачытаць можна. Вочы прабеглі па тэксту раз-другі, і гарачая хваля ўдзячнасці за сціплыя словы апаліла сэрца.
Яна падышла да акна і яшчэ раз удумліва, пранікнёна прачытала «Гэтым сціплым букецікам рамонкаў мы хочам сказаць «дзякуй» за клопат аб нас. Вы, быццам ружа між кветак нашай сціплай палескай зямлі, вашай прыветнай шчырасцю мы паверылі ў вылечванне, ва ўласныя сілы».
Дык вось адкуль на стале ў невялічкім слоіку з’явіўся букет палявых кветак з чырвонай ружай у цэнтры! Гэты саматужны букет крыху замінаў ёй, шмат спраў накапілася, грувасткія і тоненькія папкі трэба было перагледзець, раскласці, вызначыць дыягназы, прыняць адпаведныя рашэнні, прызначыць працэдуры.
І яна пераставіла букет на падаконнік. Цяпер жа ў промнях дагараючага сонца ён нагадаў аб многім: дзяцінстве, роднай хаце, бацьках, таварышах па школе і інстытуце…
Нарадзілася Вера Іванаўна Ганчарык у пасёлку Камарын Брагінскага раёна ў сям’і рабочых. Маляўнічы, багаты і цудоўны гэты край на поўдні Беларусі. Там атрымала сярэднюю адукацыю, у райкаме камсамола ўзяла пуцёўку і паехала ў Валгаградскую вобласць на будаўніцтва Волжскай гідраэлектрастанцыі. Пад кіраўніцтвам настаўніка непасрэдна на вытворчасці асвоіла спецыяльнасць электразваршчыцы, адпрацавала два гады. Дзяўчыне давалі накіраванне для паступлення ў ВНУ на тэхнолага-зваршчыка, але менавіта тады зарадзілася ў яе мара прысвяціць сябе медыцынскай справе. Бацькі не пярэчылі, бо ведалі: і настойлівасці, і веры ў свае сілы, і адвагі дачцэ не займаць. Накіравала дакументы ў Гродзенскі медыцынскі інстытут, здала ўступныя экзамены і яе залічылі на лячэбны факультэт. Вучыцца было нялёгка, але на ўсіх экзаменах паказвала трывалыя веды. І вось на руках дыплом урача-тэрапеўта. На працягу года праходзіла інтэрнатуру ў Гомелі, а затым у 1979 годзе – накіраванне ў Хойнікі. Тады якраз выязджаў за межы раёна галоўны ўрач Велікаборскай участковай бальніцы Уладзімір Зорка, і Веры Іванаўне прапанавалі гэту пасаду.
Лячыць давялося жыхароў наступных населеных пунктаў: Партызанскай, дзе размяшчалася бальніца, Вялікага Бору, Ізбыня, Хвойнай Паляны, Осава, Дубровіцы, Амелькаўшчыны, Рашава, Рудзенькі, Бераснёўкі, Старча. На маладога ўрача нядрэннае ўражанне зрабіла сама бальніца на 25 ложкаў, а таксама прафесійны працоўны калектыў. Фельчарам быў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны У.А. Куліцкі, паспяхова спраўляліся са сваімі абавязкамі медсёстры стацыянара Л.І. Куліцкая, С.А. Чэкан, Л.У. Назаранка, Т.М. Доўбыш, патранажная медсястра В.У. Іванюценка. Дакладна выконвала аналізы, нават на біяхімію, лабарантка Л.М. Дземідзенка. Вопытнай акушэркай з’яўлялася В.Х. Каракіна, у зубным кабінеце працавала высокакваліфікаваны ўрач Д.Л. Гурэвіч. Працавітасцю, высокай выканальніцкай дысцыплінай зарэкамендавалі сябе санітаркі, загадчык гаспадаркі, повар, прачка, вадзіцель.
На абслугоўванні Веры Іванаўны было больш за 4 тысячы чалавек насельніцтва. Штодзённа прымала яна дарослых і дзяцей з захворваннямі тэрапеўтычнага, хіру-ргічнага, неўралагічнага профілю, хваробамі вачэй, скуры. Ёй даводзілася ўскрываць гнойныя абсцэсы, упраўляць вывіхі суставаў, рабіць унутрымышачныя і паяснічныя блакады для зняцця вострых боляў у пашкоджаных органах, накладваць швы на колатыя і рэзаныя раны. Разам з акушэркай прымала роды. Рэаніміравала вострых хворых пры каматозным стане і пры страце прытомнасці. Накладвала фіксуючыя павязкі пры пераломах касцей і пашкоджанні суставаў. Арганізоўвала правядзенне прафілактычных прышчэпак дарослым і дзецям. Хадзіла на выклікі да хворых у бліжэйшыя населеныя пункты пехатой днём і ноччу, а для таго, каб дабірацца ў аддаленыя вёскі, быў пры бальніцы належны тэхнічны парк – легкавы і грузавы аўтамабілі, а таксама гужавы транспарт (дарогі былі дрэнныя, і там, дзе не магла прайсці машына, дабіраліся на кані).
Прыстасаванае пад участковую бальніцу памяшканне з кожным годам зношвалася, а капітальны рамонт – даволі затратная справа. Бюджэтныя сродкі былі накіраваны на будаўніцтва двухпавярховай бальніцы на 25 ложкаў у Вялікім Боры, якая функцыяніравала пад кіраўніцтвам В.І. Ганчарык з 1988 па 2005 год. З таго часу бальніцы нададзены новы статус – урачэбнай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. І цяпер у падпарадкаванні Веры Іванаўны 7 чалавек: медсёстры, санітаркі, медрэгістратар, вадзіцель, а таксама пад патранатам урача знаходзяцца ФАПы – Хвойнапалянскі, Дубровіцкі, Небытаўскі. Згодна з графікам урач праводзіць прыём ва ўсіх населеных пунктах на тэрыторыі Велікаборскага сельсавета, па раскладзе прыязджаюць у амбулаторыю профільныя ўрачы з Хойнік, тут жа пацыенты могуць прыняць назначаныя лячэбныя працэдуры – уколы, кропельныя інфузіі, фізіятэрапію.
На працягу 35 гадоў кіраўніцтва В.І. Ганчарык некалькі разоў мяняўся статус мясцовай медыцынскай установы, якую яна вывела ў лік лепшых у раёне. Але нязменным застаецца яе служэнне людзям. Зараз пад яе апекай знаходзіцца 1200 чалавек. У любы час сутак яна гатова прыйсці на дапамогу захварэўшаму чалавеку. Водпуск у яе заўсёды не бывае выключна адпачынкам, жыхары звоняць, каб прыйшла яна да іх, а калі-нікалі і самі прыходзяць. І Вера Іванаўна ніколі не адмаўляе. Яна поўнасцю паглыблена ў сваю работу, думкі наконт гэтага суправаджаюць увесь час. І ўсё ж, па шчыраму прызнанню Веры Іванаўны, калі б была магчымасць павярнуць час назад, яна абавязкова пайшла б па шляху, якім крочыць. І з настальгіяй успамінае працу ў вёсцы Партызанская, куды прыехала ўжо будучы замужам. Хаця жыць спачатку давялося маладой сям’і на кватэры, адкуль папрасілі пасля нараджэння дзіцяці, і ў памяшканні медпункта былога інтэрната. Цяпер з мужам Уладзімірам Браніслававічам, токарам па прафесіі, жывуць у чатырохпакаёвай кватэры аграгарадка Вялікі Бор. Выраслі, раз’ехаліся і стварылі свае сем’і іх дзеці. Дачка Святлана атрымала дзве вышэйшыя адукацыі – педагагічную і юрыдычную, жыве ў Новаполацку. Сын Павел пайшоў па слядах маці – працуе ўрачом-стаматолагам у Гомелі. Бацькі радуюцца сваім дзецям і тром унукам.
Апошні сонечны прамень мільгануў па столі кабінета. Усё, час ісці, закончыліся сённяшнія клопаты. Заўтра будзе новы дзень. Што прынясе ён з сабою? Людскі боль і пакуты, абавязак прыняцця самага правільнага рашэння, настрою на спакойны ўраўнаважаны падыход да пацыентаў і крышачку радасці ад усведамлення, што яшчэ адно жыццё ўратавана.
Вярнулася з парога, нахілілася да кветак і глыбока ўдыхнула водар ружы, змешаны з пахам палявых красак. І падумалася ёй: «Мілыя мае пацыенты! Будзьце здаровыя і няхай нашы сустрэчы па нагодзе вашай хваробы ніколі больш не адбываюцца».
Такое шчырае пажаданне ўрача. Дзеля добрага развітання любы медык аддае часцінку сваёй душы. А доктар жа таксама чалавек, і душа ў яго адна…
Назаўтра Вера Іванаўна адразу падышла да букета на падаконніку. Ружа раскрылася насустрач сонейку, яе падтрымлівалі з усіх бакоў рамонкі. Але адзін чырвоны пялёстачак ляжаў побач. Ружа аддае сваю прыгажосць пакрысе, як і людзі ў белых халатах – нервы, здароўе, багацце сэрца.

Клаўдзія  БОСАК.
Фота  Алесі ЯЧЫЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *