Сонечныя фарбы душы

Увлечения хойничан

вышивальщица

Як жа многа таленавітых майстрых на нашай Хойнікшчыне! Рыхтуючы чарговы тэматычны матэрыял пра захапленні жыхароў раёна, не перастаю здзіўляцца іх непаўторнасці і самабытнасці. Часам здаецца: тое, што яны робяць, проста нерэальна, проста неверагодна, здаецца, такога не можа стварыць рука чалавечая.
На вышываныя вырабы можна глядзець няспынна, яны зачароўваюць і не даюць адвесці позірк. Гэта адно з тых рукадзелляў, якое надоўга пакідае след і ў душы, і ў думках. Сёння мы пазнаёмім вас з жанчынай, шматгадовай яго прыхільніцай, – жыхаркай аграгарадка Вялікі Бор Соф’яй Уладзіміраўнай Апанасюк.
Нарадзілася яна ў 1939 годзе, была адзіным дзіцём у сялянскай сям’і. З самага дзяцінства спасцігала мудрасць маміных урокаў – Праскоўя Данілаўна Харошка, пражыўшая доўгі век, мела адметны погляд на ўсё. Вучыла сваю дачку не назойліва, а вельмі тактоўна, часцей уласнымі прыкладамі свайго нялёгкага жыцця. «Хату, дачушка, у чысціні трымай: і зранку, і ўвечары падмятай, ноччу Божая маці ходзіць, ёй на пясок не трэба ступаць, бо ідзе яна сям’ю благаслаўляць». Уражаная пачутым, Соф’я трэсла самаробныя посцілкі, пакуль замуж не пайшла, а потым навуку гэту перадала сваім тром дочкам.
І рукадзеллю навучылася дачка ад маці, бо з дзяцінства жыла ў акружэнні вышытых абрусаў, ручнікоў, накідак на падушкі.
Соф’і Уладзіміраўне нядаўна 75 гадоў споўнілася, але, нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, з любімым заняткам не расстаецца. Больш таго, удасканальвае сваё майстэрства. Неяк заўважыла, што больш «весела» глядзяцца ніткі для вышывання з квяцістых хусцінак, чым са звычайнага мулінэ. Таму перш чым прыступіць да вышыўкі гладдзю або крыжыкам, «распускае» хусцінкі на ніткі – работа таксама вельмі карпатлівая.
Пакойчыкі невялікага, але вельмі акуратнага доміка С.У. Апанасюк па вуліцы Цэнтральнай Вялікага Бору нагадваюць сабой міні-музей вырабаў народна-прыкладнога мастацтва: вышытыя ручнікі на зашклёных рамках з фатаграфіямі на сценах, рознакаляровыя падушкі на ложку і канапе, вязаныя і вышытыя сурвэткі на камодзе.
Пра камод трэба сказаць асобна, гэта – сапраўдны рарытэт (на здымку ўнізе справа). «Прыехаў» ён у Вялікі Бор у 1953 годзе з Казахстана – у сярэдзіне мінулага стагоддзя многа велікаборцаў выязджала на асваенне цалінных земляў. Выраб ручной работы з дрэва і цяпер верай і праўдай служыць сваёй гаспадыні, захоўвае ў ім яна дамашнія рэчы.
Хараство, якое стварае вакол сябе Соф’я Уладзіміраўна, асабліва праяўляецца кожны год на яе падворку, які буяе квеценню. Тут знайшлі пастаянную «прапіску» півоні, вяргіні, астры, ружы, лілеі. Побач лясны ландыш пад кустом каліны, вабіць пахам мята. Цэлае лета сушацца травы, а зімой жанчына частуе гасцей духмяным чаем.
На заслужаны адпачынак Соф’я Уладзіміраўна пайшла з пасады загадчыцы мясцовага клуба. Але сувязей з установай не парывае: займаецца мастацкай самадзейнасцю, прымае актыўны ўдзел ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах, якія тут праводзяцца. Яна – актыўная ўдзельніца абрада «Провады Русалкі», якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. І не толькі выступае, але і вышыла для сябе народны ўбор і фартухі для астатніх удзельніц абраду. Берагіня народных звычаяў і традыцый, С.У. Апанасюк ведае, захоўвае і перадае свой духоўны скарб. Многа песень запісала ад мамы дачка Валянціна, выкарыстоўвала іх у час вучобы ва ўніверсітэце, а зараз – у сваёй рабоце настаўніцай Велікаборскай сярэдняй школы. Многаму навучылася ад маці і дачка Жанна, якая працуе мастацкім кіраўніком Велікаборскага цэнтра адпачынку. Яшчэ адна іх сястра, Галіна, жыве на Украіне. Дзеці Соф’і Уладзіміраўны ўдзячны лёсу за тое, што яшчэ гарыць святло ў доме маці, рыпіць журавель у калодзежы і чакае двор вялікую радню, сярод якой 9 унукаў і 6 праўнукаў. А ў доме доўгімі зімовымі вечарамі не выпускае яна з рук пяльцаў, на белай тканіне кладзецца рукатворная прыгажосць – сцяжок за сцяжком.

вышивка

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *