Адной з галоўных задач органаў пракуратуры з’яўляецца абарона правоў і свабод грамадзян. Сам тэрмін «пракуратура» ў перакладзе з лацінскай мовы азначае клапаціцца, забяспечваць, прадухіляць. Пракуратура з’яўляецца адзіным дзяржаўным органам, для якога нагляд за выкананнем законаў складае сэнс, сутнасць і аснову дзейнасці. Другога такога органа няма, значыць няма такой структуры, якая б магла ўзяць на сябе цяжар наглядных клопатаў пракуратуры.
Чэснасць, прынцыповасць і прафесіяналізм – неад’емныя рысы, якія характэрны для калектыву пракуратуры Хойніцкага раёна, людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню законнасці.
Пракурор, юрыст першага класа Мікалай Леанідавіч Беларусаў не толькі кіруе пракуратурай раёна, займаецца арганізацыяй і планаваннем работы, каардынацыяй дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў, барацьбе са злачыннасцю і іншымі парушэннямі законнасці, але яшчэ і каардынуе работу па барацьбе з карупцыяй. Фронт работы ў яго вельмі шырокі, да гэтага трэба дадаць прыём грамадзян, удзел у пасяджэннях суда.
Хаця калектыў пракуратуры сярод сваіх калег у Гомельскай вобласці лічыцца самым маладым, аднак гэта не перашкода, а аптымальная ўмова для кар’ернага росту супрацоўнікаў. Так, летась узначаліў пракуратуру Брагінскага раёна былы намеснік пракурора Аляксандр Сяргеевіч Паўлоўскі. Зараз на пасадзе намесніка пракурора юрыст другога класа Юлія Аляксандраўна Грамовіч, а яе папярэднія абавязкі памочніка пракурора ўскладзены на юрыста трэцяга класа Віталія Мікалаевіча Прыходзьку.
Самыя шчырыя словы ўдзячнасці ў сувязі з прафесійным святам М.Л. Беларусаў выказаў у адрас Соф’і Міхайлаўны Гарбатай, якая 46 гадоў працавала загадчыцай канцылярыі пракуратуры. Цяпер гэтыя абавязкі выконвае новы спецыяліст Ірына Рыгораўна Міхаленка.
Таксама стараннасцю вызначаюцца вадзіцель Сяргей Іванавіч Жмыхаў і кур’ер-прыбіральшчыца Алена Іванаўна Лутчанка.
— Наш калектыў працуе зладжана, з ускладзенымі задачамі супрацоўнікі спраўляюцца, адносяцца да работы з пачуццём абавязку, – гаворыць пракурор. – І гэта галоўнае ў нашай працы, бо ўсе мы ў той або іншай ступені залежым адзін ад аднаго. Шчыра і сардэчна віншую цяперашніх работнікаў, а таксама ветэранаў пракуратуры раёна з прафесійным святам. Жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у службовай дзейнасці.
Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.