Для замежніка Швейцарыя трымаецца на трох кітах-асацыяцыях – гадзіннікі, шакалад і сыр. А з чым у швейцарцаў цяпер асацыіруецца Хойнікшчына, даведаецеся з гэтага матэрыялу.
ХТО ПРЫЯЗДЖАЎ?
На гэтым тыдні наш раён наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Клод Альтерматт, а таксама члены Асацыяцыі дружбы «Швейцарыя-Беларусь» на чале з яе прэзідэнтам Маргарэт Кінер Нэллен.
З ЯКОЙ МЭТАЙ?
У пачатку бягучага года Асацыяцыя дружбы «Швейцарыя- Беларусь» была створана як грамадская арганізацыя. Яе мэта – садзейнічанне развіццю сяброўскіх адносін паміж двума краінамі, рэалізацыі сумесных праектаў у любых сферах. Задача першага візіту дэлегацыі – вывучыць наступствы Чарнобыльскай катастрофы, убачыць, як развіваюцца пацярпелыя рэгіёны, і разглядзець магчымыя варыянты супрацоўніцтва.
ДЗЕ ПАБЫВАЛІ?
Ганаровыя госці пабывалі ў запаведніку – наведалі пчальнік, ферму па гадоўлі племянных коней, аператыўны цэнтр, лабараторыю спектраметрыі і радыавымярэнняў, а таксама пачулі цікавыя гісторыі, якія захоўвае музей. Пасля азнаёміліся з дасягненнямі ПВУ ААТ «Мілкавіта» і прадэгуставалі прадукцыю прадпрыемства. Гэта, што датычыць нашага раёна, а наогул для дэлегацыі была падрыхтавана двухдзённая праграма, якая ўключала сустрэчу з кіраўніцтвам вобласці, экскурсію ў Палацава-паркавы ансамбль, наведванне РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, а таксама паездку ў Брагінскі раён.
АБ ЧЫМ ДАВЕДАЛІСЯ?
У паездцы па нашаму раёну дэлегацыю суправаджаў старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка. Ён заахвочана расказваў аб малой радзіме – Хойнікшчыне, аб тым, чым хайнічане ганарацца, і аб тым, што нягледзячы на чарнобыльскую трагедыю нашы людзі не страчваюць аптымізм, будуюць, ствараюць і вераць у лепшую будучыню. Часцей за ўсё з яго вуснаў гучалі словы «наша», «роднае», «лепшае». Таму экскурсія была прасякнута душэўнасцю.
З ЯКІМІ ЎРАЖАННЯМІ АД’ЯЗДЖАЛІ?
Па-першае, гасцей з Швейцарыі ўразіла некранутая прырода запаведніка. Яны зрабілі шмат здымкаў і зацікавіліся экскурсійнымі маршрутамі, якія цяпер тут прапаноўваюць турыстам. Акрамя таго, былі шчыра захоплены сучаснай сістэмай радыяцыйна-метэаралагічнага, пажарнага і відэакантролю, а таксама даследваннямі тутэйшых навукоўцаў. Яшчэ швейцарцам спадабаліся нашыя сыры (дарэчы, высокая ацэнка вельмі каштоўная, улічваючы, што гэта вялікія аматары гэтага прадукта), мёд і брэнд раёна – «грыбкі па-хойніцку». Па заканчэнні паездкі ў каментарыях усе былі салідарныя – Хойнікшчына вельмі прыгожая і гасцінная. Тут жывуць і працуюць цудоўныя людзі, у якіх многаму можна павучыцца.
Госці падзякавалі кіраўніку раёна за цёплы прыём і выказалі ўпэўненнасць, што цяперашні візіт не апошні.
Анатолій Уладзіміравіч у сваю чаргу адзначыў, што мы адкрытыя для супрацоўніцтва і заўсёды рады гасцям.
Наталля РЭВЯКА.
Фота аўтара.